Новы год у Беларускім тэатры “Лялька”: старт дадзены
Навагоднія ранішнікі ў Беларускім тэатры “Лялька” пачаліся 16 снежня з дабрачыннай акцыі: на першае прадстаўленне лялечнікі запрасілі дзетак з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама іх бацькоў.
Нягледзячы на тое, што да Новага году яшчэ больш за два тыдні, настрой у гасцей быў цалкам святочны: яны пелі, танцавалі і прымалі падарункі ад Дзеда Мароза.
Як склалася традыцыйна, у пераднавагодні дні і цэлы тыдзень пасля Новага году “Лялька” запрашае гасцей на праграму, што складаецца з дзвюх частак. У зале дзяцей чакае навагодні спектакль, п’еса для якога пішацца адмыслова (пастаноўка спектакля Віктара Клімчука), а пасля яго казачныя героі запрашаюць хлопчыкаў і дзяўчынак павесяліцца каля елкі ў фае (пастаноўка ранішніка Дар’і Зімніцкай).
Гераіня навагодняга спектакля гэтага года – малпа. Яна не звычайная малпа, а цыркавая актрыса. Шмат можа, шмат умее, і цану сабе ведае. Але не хапае ёй ці то ўвагі, ці то кампліментаў. Вось і вырашае яна здабыць гэта ўсё, скраўшы ў Дзеда Мароза мех з падарункамі для артыстаў цырка. Тыя ж, жадаючы вярнуць сабе сапраўднае свята, на што толькі не гатовыя: яны і танцуюць, і паказваюць фокусы, і выступаюць з дрэсіраванымі жывёламі, арганізуючы для ўпартай капрызы сапраўднае прадстаўленне. А малпа, разам з дзецьмі ў зале, з задавальненнем яго глядзіць.
Абраная лялечнікамі форма навагодняга спектакля вельмі выгадная: прадстаўленне складаецца з нумароў. Усе яны падпарадкаваны адзінаму сюжэту. Але складваецца ўражанне, што ты прысутнічаеш не на спектаклі, дзе трэба эмацыянальна працаваць, а на канцэрце кшталту “Блакітнага агеньчыка”. Нязмушаная атмасфера лёгкага эстраднага жанру ў спалучэнні з дасціпнымі акцёрскімі жартамі і густоўнымі рэпрызамі робіць відовішча цікавым і для маленькіх, і для старэйшых гледачоў.
Пасля вясёлага спектакля асабліва хочацца працягу. І ён не прымушае чакаць. Казачнае тэатральнае фае здзіўляе сваім ўбраннем. Тут няма звыклага гардэроба, які прывыклі бачыць пастаянныя гледачы на лялечных святах: прастора, дзе сабрана верхняе адзенне, схавана таямнічым вэлюмам. А само фае здзіўляе, зачароўвае. Атмасфера ў ім нагадвае старыя добрыя казкі, у якіх ёсць месца таямнічым прыладам, незвычайным дэкарацыям. Вось і тут – плеценыя санкі, вялікі сундук, мяккі гадзіннік, а на столі – дзўная рэч, што нагадвае ці то завешаны старажытны кандэлябр, ці то гіганцкае павучынне. Усё гэта таямнічае убранне будзе працаваць у час ранішніка, які атрымаўся адначасова і вясёлым, і вельмі атмасферным: гадзіннік абвесціць прыход Новага Года ў краіне гномаў, сундук стане надзейнай схованкай, а дзіўнае павучынне…. Але тссс, не трэба раскрываць інтрыгу. Лепей прыйсці і пабачыць усё на свае вочы.
Навагоднія ранішнікі ў Беларускім тэатры “Лялька” пачаліся з 17 снежня і прадоўжацца да канца школьных канікул.