Народные новости Витебска

Ларыса Аленская ўзнагароджаная медалём «За працоўныя заслугі»

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Ларыса Аленская ўзнагароджаная медалём «За працоўныя заслугі», указ пра гэта Аляксандр Лукашэнка падпісаў 1 лютага.

Ларыса Канстанцінаўна ўзначаліла упраўленне культуры аблвыканкама летам 2012 года, а пасля рэформы структуры выканкамаў стала намеснікам начальніка агульнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

Спадарыня Аленская скончыла ВДТУ (на той час інстытут лёгкай прамысловасці) па спецыяльнасці «Эканоміка і арганізацыя прамысловасці прадметаў шырокага спажывання».

Пасля атрымання вышэйшай адукацыі яна працавала на фабрыцы «Чырвоны Кастрычнік», а затым — у Наваполацкім гарвыканкаме. З 1990 па 1997 гады займала пасады намесніка старшыні, а потым выконваючага абавязкі старшыні Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў.

У 1997 годзе Ларыса Аленская стала намеснікам старшыні Віцебскага гарвыканкама. А з 2005 году яна перайшла на працу ў Віцебскі аблвыканкам: спачатку галоўным кансультантам намесніка старшыні, а потым намеснікам начальніка ўпраўлення культуры.

Медаль «За працоўныя заслугі» — гэта другая ўзнагарода, якой Ларыса Канстанцінаўна ўшанаваная ў 2017 годзе — на днях яна стала лаўрэатам «Чалавек года Віцебшчыны - 2016».