Жыхары вуліцы Чэхава абраныя “Чалавекам года Віцебска-2016”
Па выніках анлайн-галасавання на сайце “Народныя навіны Віцебска” ганаровае званне “Чалавек года Віцебска-2016” прысуджанае жыхарам вуліцы Чэхава, якія сталі ў абарону парка Партызанскай славы.
Парк імя Міная Шмырова ў абласным цэнтры мог быць амаль знішчаны, бо там збіраліся пабудаваць копію полацкага Сафійскага сабора па ўзоры XII стагоддзя, для чаго планавалі высечы больш за 200 дрэў.
Першымі ў абарону аднаго з нешматлікіх астраўкоў зеляніны, якія засталіся ў рысе горада, сталі жыхары вуліцы Чэхава, што праходзіць побач з паркам. Актыўнасць і рашучасць мясцовай супольнасці прыцягнула да экалагічнай праблемы пільную ўвагу СМІ, а пазней да стыхійнай кампаніі ў абарону парка далучыліся месцічы з іншых раёнаў Віцебска і некаторыя грамадскія арганізацыі.
У выніку перамога аказалася за абаронцамі парка Партызанскай славы імя Міная Шмырова — гарадскія ўлады прыпынілі будаўніцтва сабора, а замоўца быў вымушаны зняць плот, якім ужо паспелі агарадзіць тую частку парка, дзе збіраліся высякаць дрэвы.
За калектыўнага намінанта — жыхароў вуліцы Чэхава — прагаласавалі 149 чалавек, што складае 31% ад усіх удзельнікаў галасавання, якіх было 485.
На другім месцы з невялікім адрывам віцяблянін Артур Яраш — гэты хлопец ў лютым 2016 года затрымаў на Маскоўскім праспекце аўтамабіль п’янага начальніка Першамайскага РАУС Сяргея Сарокіна. Усяго на 5 галасоў адстаў ад Яраша алімпійскі чэмпіён Уладзіслаў Ганчароў. Другое і трэцяе месца набралі па 25% і 24% адпаведна.
У гэтым годзе “ННВ” вызначалі “Чалавек года Віцебска” дзевяты раз. У папярэднія гады гэтым званнем за спрыянне Віцебску і пашырэнне яго вядомасці чытачы нашага выдання ўганаравалі арганізатара фестываля спартыўных танцаў “Віцебская сняжынка” Наталлю Таўсташову (2015), зняволеную сенатара і дырэктара птушкафабрыкі Ганну Шарэйка (2014), першага біскупа Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслава Бліна (2013), маці растралянага Любоў Кавалёву (2012), бізнесмена і культурнага дзеяча Гарыка Аганджаняна (2011), “Міс інтэрнэт Віцебск” Касю Сцяпанаву (2010), старшыню Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Косінца (2009 год) і “Міс Беларусь” Вольгу Хіжынкову (2008 год).
Хто павінен стаць Чалавекам года Віцебска-2016?
- Жыхары вуліцы Чэхава (31%, Галасоў: 149)
- Артур Яраш (25%, Галасоў: 120)
- Уладзіслаў Ганчароў (24%, Галасоў: 115)
- Сяргей Баталка (14%, Галасоў: 67)
- Ганна Палуэктава (4%, Галасоў: 18)
- Дзмітрый Сталяроў (2%, Галасоў: 9)
- Шымшон Даніэль Ізаксон (1%, Галасоў: 7)
Усяго галасоў: 485