Народные новости Витебска

У Віцебску працуе выстава беларускага плаката

У музычнай гасцёўні Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва адбылося адкрыццё выставы Беларускага саюза дызайнераў “Беларускі плакат: візуальны код часу”.

Для праекта ёсць дзве нагоды: па-першае, трыццацігоддзе Беларускага саюза дызайнераў, творчага саюза, які аб’ядноўвае больш за 600 спецыялістаў у вобласці дызайну ўсіх напрамкаў (прамысловы, графічны, фэшн-дызайн, дызайн інтэр’ераў, віртуальнага асяродку, фотаграфіка, арт-менеджмент і педагогіка).

Па-другое, выстава – гэта запланаваная частка буйнамасштабнага доўгатэрміновага праекта па захаванню спадчыны беларускага плаката, вынікам якога стане стварэнне лічбавага архіву, сайту і альбома-каталога. Беларускі плакат - адна з найбольш відавочных і выніковых праяў дызайн-дзейнасці ў Беларусі.

На выставе прадстаўлена больш за пяцьдзясят плакатаў розных часоў, выкананых беларускімі аўтарамі, пачынаючы з малавядомых шэдэўраў даваеннага перыяду да твораў – У. Цэслера, В. Войчанкі, А. Кітаевай, Д. Сурскага, Т. Гардашнікавай, Р. Найдзена, Ю. Тарэева і іншых знакамітых аўтараў, а таксама плакаты студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта.

Мастацкі твор, крыніца інфармацыі, гістарычны дакумент – беларускі плакат між іншых відаў мастацтва заслугоўвае асаблівай увагі. Ён, як нацыянальная мастацкая з’ява – найбольш вядомы і прызнаны за межамі нашай краіны, дзякуючы перамогам у прэстыжных міжнародных конкурсах і біенале.

Беларускія плакаты знаходзяцца ў буйнейшых музеях і калекцыях Свету (музей плаката ў Вілануве (Варшава, Польша), Мараўскай галерэі (Брно, Чэхія), Луўры (Парыж, Францыя), музеі плаката ў г. Лахці (Фінляндыя), музеі плаката ў г. Таяма, Осака (Японія), Смітсанаўскім інстытуце (ЗША) і інш.).

Пры гэтым у Беларусі для многіх плакат застаецца своеасаблівай “terraincognita”. У свеце гэтай відавочнай несправядлівасці, варта наўпрост прыйсці і пераканацца ў значнасці і прыгажосці гэтага віду мастацтва, вартага мець і на радзіме ўласны музей.

Выстава “Беларускі плакат: візуальны код часу” будзе праходзіць толькі да 17 траўня.