У суботу ў Віцебску пройдзе “Свята ветру”
Штогадовы фэст нефармальнай адукацыі і актыўнага адпачынку “Свята ветру” пачнецца 1 ліпеня з 12:00 у парку Мазурына.
На розных пляцоўках наведнікаў будуць чакаць:
* Лекцыя пра энергію ветра
* Жывая бібліятэка
* Паэзія і акустычная музыка ад Андрэя Хадановіча (Менск), Дашы Бялькевіч (Менск), Алеся Снега (Менск), Міхаіла Рубіна (Віцебск), Мікіты Гушчанкі (Віцебск)
* Выступ адзінага на Беларусі прафесійнага даследчыка па этнаастраноміі Цімафея Авіліна
* Дзіцячы блок з кінапаказам анімацыі
* Сектар з майстар-класамі, сувенірамі, чайнай цырымоніяй ад арганізатаркі “Птушынага сходу” Агаты Данілавай.
Цэнтральная падзея “Свята ветру” – конкурс паветраных змеяў.
Па сваёй праграме “СВ” набліжанае да фармату “гарадскога пікніка”.
Арганізатары раяць браць з сабою коўдры ці турыстычныя дыванкі, ваду і прысмакі, парасон (найперш ад сонца) і, канешне ж, паветраных змеяў.
Доступ на падзею бясплатны.
“Свята ветру” ўзнікла ў Віцебску больш за дзесяць гадоў таму, як нефармальная падзея мясцовай творчай моладзі. Адроджанае свята праводзіцца ў трэці раз грамадска-культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” і Сацыяльна-культурнай установай “Віцебск для мяне” пры садзеянні Аддзела культуры Віцебскага ГВК і Цэнтра культуры “Віцебск”.