У 26-я угодкі надання Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі статуса канстытуцыйнага закона ў Полацку ўсталявалі помнік беларускай дзяржаўнасці
25 жніўня недалёка ад Сафійскага сабора ў Полацку ўсталявалі памятны знак «Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці».
На пляцоўцы пад час мантажа помніка прысутнічалі міністар культуру Барыс Святлоў і міністар інфармацыі Лілія Ананіч і шэраг іншых чыноўнікаў, пра гэта «ННВ» распавёў мясцовы краязнаўца Андрэй Бухавецкі, які даслаў фотаздымкі падзеі.
Аўтарам манумента ў выніку конкурса стаў мінскі скульптар Уладзімір Піпін. Згодна задуме аўтара, помнік увасабляе сабой з аднаго боку калыску, з якой пачынаецца жыццёвы шлях, а з другога – ладдзю, што плыве з мінулага ў будучыню па хвалях часу. На злучаных паміж сабой у адзіную звязку шчытах размешчаныя партрэты знакамітых гістарычных асоб – ад першага полацкага князя Рагвалода і яго дачкі Рагнеды да легендарнага Усяслава Чарадзея і вялікай асветніцы Еўфрасінні Полацкай.
Вага памятнага знака разам з валуном, на якім усталяваная скульптура, важыць амаль восем тон.