ФК “Віцебск” вярнуўся з Барысава без ачкоў
Нашы футбалісты не здолелі перашкодзіць БАТЭ ў чэмпіёнскай гонцы. Аднак нягледзячы на пройгрыш (1:3) “Віцебск” усё-такі даў бой барысаўчанам.
Падапечныя Сяргея Ясінскага не толькі думалі аб абароне, але і ішлі наперад. На 4-й хвіліне адкрылі лік. А калі лік быў ужо не на карысць віцяблян, то намагаліся адыграць прапушчаныя мячы.
На пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер “Віцебска” Сяргей Ясінскі адзначыў:
- Нягледзячы на такі лік я задаволены дзеяннямі сваіх футбалістаў: мы стараліся гуляць у футбол, мы стараліся атакаваць, але не заўсёды гэта атрымлівалася. На мой погляд, на сённяшні дзень, узровень тэхнічнага выканання і майстэрства ў БАТЭ вышэй, але, нягледзячы на гэта, зыход матча быў пад пытаннем да другога гола, калі ішла барацьба з узаемнымі момантамі ў розных варот. Ну а потым, як дасведчаны баец, БАТЭ даціснуў нас і не даў усумніцца ў сваёй перавазе, хоць мы і пасля гэтага мелі моманты, калі маглі забіць, але тут ужо клас суперніка апынуўся вышэй. Таму, думаю, лік па гульні, і я магу толькі павіншаваць суперніка з перамогай.