Касцёл святога Ўладыслава ў Білева могуць пачаць будаваць ужо ў наступным годзе
Упраўленне капітальнага будаўніцтва Віцебска абвесціла тэндар коштам 3 290 рублёў на выраб перадпраектнай дакументацыі для будаўніцтва касцёла ў Білева.
Замоўцам будаўніцтва выступае парафія святога Ўладыслава Рыма-Каталіцкага касцёла ў Беларусі, адпаведна, за яе сродкі будуць аплачвацца выдаткі на распрацоўку праекта.
Пад касцёл гарадскія ўлады выдзелілі зямлю ў раёне перакрыжавання вуліц Генерала Іваноўскага і Баграмяна. Пляцоўка плошчай 0,4245 гектара знаходзіцца на паўднёвым баку вуліцы Генерала Іваноўскага і значна змешчаная адносна восі вуліцы Баграмяна на ўсход.
Мяркуемая плошча будучага касцёла святога Ўладыслава ў Віцебску складае 1100 квадратных метраў. На выраб передапраектнай дакументацыі даецца адзін месяц, так што яна можа быць гатовая яшчэ да канца бягучага года ці ў самым пачатку наступнага.
Як паведамлялі “ННВ” раней, каталікі таксама атрымалі афіцыйны дазвол на выкананне навукова-даследчых і праектных работ па аднаўленню будынка касцёла святога Антонія ў цэнтры Віцебска.