“Віцебскі арнамент” гаворыць і паказвае
У першы дзень такой марознай вясны ў пабе “Torvald” прайшла чарговая сустрэча для ўсіх актыўных людзей гораду “Добрая нагода”. На гэты раз фармат быў крыху іншы, пашыраны: акрамя традыцыйных абмеркаванняў у праграму былі ўключаны прэзентанцыі праектаў ад выпускнікоў курса “Віцебскі арнамент”.
Курс, галоўнай мэтай якога арганізатары вызначаюць развіццё грамадскай супольнасці, працягваецца ўжо чацвёрты месяц. Нарэшце ўдзельнікі перайшлі да практычнай рэалізацыі ідэй культурнага, сацыяльнага і іншых напрамкаў. Саша Лібер, адзін з “выпускнікоў” праекту, разам з камандай працуе над інфармацыйным сайтам Віцебскага прытулку для жывёл. “Спачатку вырашылі, што зробім рэпартаж пра сённяшні стан прытулку, але атрымалася значна шырэй”. З дапамогай крэатыўных маркетынгавых прыёмаў (звярніце увагу на назву сайта) распрацоўнікі пашыраюць колькасць людзей, гатовых так або інакш дапамагчы прытулку. Ежа, вопратка, грошы, прасоўванне хаштэга #этоважнобел ці нават націск на кнопку “Гатовы ўзяць жывёлу з прытулку”— павелічэнне аўдыторыі азначае павелічэнне шанцаў на падтрымку.
Псіхолаг Алена Барыла зараз кіруе клюбным домам “Крылы надзеі”, пляцоўкай для рэалізацыі псіхалагічнай дапамогі грамадзянам, якія пакутуюць на тое ці іншае нервова-псіхічнае захворванне. Мерапрыемства, якое плануецца камандай праекту, для Віцебску з’яўляецца нечым кардынальна новым: дзве часткі, тэарэтычная і інтэрактыўная, аб’яднаныя ў фармаце фестывалю. Арганізатары абяцаюць моцных спікераў, майстар-класы і, што нават больш значна, магчымасць абмеркаваць праблему з зацікаўленымі ўдзельнікамі сустрэчы. Відавочна, атрымаецца карысна і цікава для кожнага.
З амаль што дзелавой прапановай выступіў кіраўнік інтэрнэт-парталу GorodVitebsk.by Андрэй Лапін. “Мы запрашаем актыўных людзей, карэспандэнтаў, здольных трымаць руку на пульсе горада. Што датычыцца ўзросту — no limit”.
На прыканцы сустрэчы ўзяла слова арганізатарка арт-праекта F33 Ліза Грышчук і паведаміла крыху пра канцэпцыю: F33 — магчымасць для творчых людзей Віцебску распачаць сумесную дзейнасць у якой бы там ні было сферы. Даведацца пра падрабязнасці можна на прэзентацыі праекта 22 сакавіка.
Каб не прапусціць новыя абмеркаванні і ініцыятывы, сачыце за “Добрай нагодай” у сацыяльных сетках. Да сустрэчы ў першы чацвер красавіка!