Віцебск стаў першым горадам Беларусі, куды завітала жырафа з Нідэрландаў
З 30 жніўны па 5 верасня ў віцяблян ёсць магчымасць маральна падрыхтавацца да новага навучальнага года. І зрабіць гэта весела, карысна, усёй сям’ёй. Цэлы тыдзень у кінатэатры «Мір» будзе дэманстравацца сямейная стужка, знатая ў Нідэрландах «Мой сябар жырафа».
Карэспандэнту «ННВ» пашанцавала пабываць на першым паказе фільма, які адбыўся ў віцебскай ратушы: даведацца кранальную гісторыю сяброўства хлопчыка і жырафы, а заадно пазнаёміцца з тымі, дзякуючы каму героі фільма загаварылі па-беларуску.
Фільм «Мой сябра жырафа» прафесійна пераагучаны камандай «Кінаконг» пры падтрымцы кампаніі velkom у межах праекта «Беларускія ўікэнды».
Як расказаў кіраўнік праэкта Андрэй Кім, каманда перакладчыкаў, рэдактараў, прафесійных артыстаў дорыць беларускім кінаманам магчымасць атрымліваць асалоду ад класічных і сучаных сусветных кінастужак на роднай мове ўжо паўтара гады.
Усе фільмы – а гэта каля 15 стужак для гледача рознага ўзросту – змешчаны на платформе VOKA – у спецыяльным раздзеле «CINEVOKA – кіно па-беларуску».
Кінастужка, якую выбіраюць для перакладу прафесіяналы з «Кінаконга» найперш павінна быць якаснай. Другі крытэрый выбару – чаргаванне фільмаў, адрасаваных гледачу рознага ўзросту. Так, «Мой сябар жырафа» – разлічаны на сямейны прагляд з удзелам самых юных гледачоў, хлопчыку-герою стужкі усяго 4 гады. Пасля яе будзе дубліраваны легендарны брытанскі фільм «Вогненныя калясніцы», за ім – зноў дзіцячы – «Хронікі Нарніі».
– Мы імкнемся ахапіць усю аўдыторыю, таму што ўсе беларусы любяць родную мову. Але акцэнт у нас на дзетак, – расказаў Андрэй Кім. – Каб малым беларусам паспяхова вывучаць мову і літаратуру ў школе, важна разумець, што мова жывая, яна развіваецца. І ў гэтым наш праект вельмі дапамагае. Гэта адзначаюць у тым ліку і бацькі.
Першая прэзентацыя фільма ў Беларусі зусім невыпадкова адбылася ў Віцебску. Менавіта тут нарадзіўся артыст тэатра і кіно Сяргей Жбанкоў, які агучыў жырафу. І прыезд каманды ў родны горад стаў добрым падарункам для яго. Як калісьці і само запрашэнне прыняць удзел ў «Беларускіх уікэндах».
Агучваць фільмы і рэкламы, па прызнанні Сяргея, было яго марай з дзяцінства. Але самае галоўнае, што атрымлівае артыст ад супрацы з праектам – магчымасць удасканальваць мову:
– Мне вельмі падабаецца працаваць у праекце, – заўважае Сяргей. – Бо ён набліжае мяне да мовы. Раней я да свайго сораму не мог двух слоў звязаць. А потым патрапіў у прамы эфір на мінскую радыёхвалю да Віталя Краўчанкі. Тады я і зразумеў, што нешта трэба рабіць. А пасля ў маім жыцці з’явіўся Андрусь са сваёй камандай, яшчэ ў мяне ёсць сябра Павел Харланчук, з якім мы заўсёды размаўляем на мове. І я расту, развіваюся ў гэтым накірунку. Бо ўпэўнены: трэба шанаваць мову. Калі не мы – маладыя людзі – будзем перадаваць яе дзецям, то хто яшчэ?
У час прэм’ернага паказу ў зале прысутнічалі і юныя гледачы. Іх шчырыя эмоцыі былі найлепшым сведчаннем таго, што стужка абавязкова спадабаецца дзецям. Не сумавалі і дарослыя: дасціпны гумар, яркія характары персанажаў, спецэфекты, – усё гэта робіць фільм прывабным для ўсёй сям’і. Наступным горадам, які паглядзіць фільм «Мой сябар жырафа», стане Мінск. Туды стужка адправіцца пасля 5 верасня.