Народные новости Витебска

Часопіс “Наша гісторыя” абяцае расказаць пра таямніцы старажытных насельнікаў Віцебшчыны і Шагала, а падпісацца на яго можна ўжо зараз

Калі вы хочаце прачытаць пра цікавосткі з гісторыі Віцебшчыны ў новым ілюстраваным часопісе “Наша гісторыя”, то варта паклапаціцца пра падпіску ўжо зараз.

Выданне ў Беларусі часопіса такога фармату стала значнай падзеяй. Ужо ў першых нумарах былі апублікаваныя матэрыялы пра нашых славутых землякоў Міная Шмырова і Васіля Быкава, а надалей рэдакцыя абяцае надаваць яшчэ больш увагі гісторыі звязанай з тэрыторыяй Віцебскай вобласці, дзе знаходзіцца калыска беларускай дзяржаўнасці.

У наступных нумарах, як расказалі “ННВ” у рэдакцыі, чакаюцца матэрыялы пра Шагала і віцебскую мастацкую школу, Віцебскае княства ў складзе ВКЛ, старажытнае насельніцтва Віцебшчыны і іншых рэгіёнаў Беларусі па даследаваннях археолагаў, расповеды пра героі вайны родам з Віцебшчыны і артыкул пра асаблівасці танкавай бітвы пад Сянном.

Таксама выдаўцы адзначылі, што хацелі б супрацоўнічаць з краязнаўцамі Віцебшчыны і гісторыкамі з Віцебскага і Полацкага дзяржаўных ўніверсітэтаў і былі б вельмі рады іх матэрыялам. Праз наша выданне яны запрашаюць іх дасылаць свае матэрыялы ў рэдакцыю.

У новым часопісе таксама публікуюцца матэрыялы з гісторыі шпіянажу, бізнесу, мастацтва. Друкуюцца коміксы і дзіцячая старонка. У часопісе можна прачытаць і пра сусветную гісторыю, і пра малыя народы Беларусі: татараў, старавераў, яўрэяў.

Каб задаволіць чытацкі попыт наклады першых нумароў “Нашай гісторыя” прыйшлося некалькі разоў дадрукоўваць. Плануецца, што ў наступным годзе часопіс будзе выходзіць штомесяц.

Зараз пачалася падпіска на 2019 год, падпісны індэкс часопіса “Наша гісторыя” 00469. Варта адзначыць, кошт нумара па падпісцы ніжэйшы, чым у кіёсках і кнігарнях. Аформіць падпіску можна не толькі ў аддзяленнях пошты, але і праз сістэму «Інтэрнэт-падпіска» на сайце www.belpost.by і праз плацёжна-даведкавыя тэрміналы, а таксама дома, запрасіўшы паштальёна.