У Наваполацку стартавала школа лідарства для жанчын
Аб'яднанне актыўных жанчын рэгіёну – гэта асноўная мэта новай школы «Мова жанчын», якая пачала працу ў Наваполацку.
«Я хачу пазнаёміцца з вопытам жаночага лідарства, пазнаёміцца з метадамі абароны асабістых поглядаў», «хачу падзяліцца сваёй ідэяй і знайсці падтрымку», «хачу камунікаваць з людзьмі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй», – тлумачылі ўдзельніцы свой выбар.
Арганізатары, інфармацыйна-культурны цэнтр «ІніцыАрт», атрымалі ўжо больш за 30 заявак на ўдзел. «Мы атрымалі заяўкі на ўдзел у Школе «Мова жанчын» ад патэнцыйных удзельніц не толькі з Полацку і Наваполацку, а таксама з Лепеля і Верхнядзвінска», – распавяла “ННВ” адна з арганізатарак школы Вольга Дамаскіна.
Першая сустрэча школы адбылася напрыканцы 2018 года. «Гэта сімвалічна, – кажа Дамаскіна. – Час, калі падводзяць вынікі мінулага года і будуюць новыя планы і мэты на наступны. У планах «Мовы жанчын» – абʼяднаць актыўных жыхарак гораду, падтрымаць іх лідарскія якасці, дапамагчы зрабіць так, каб іх голас быў пачуты, каб яны разам змаглі рэалізоўваць розныя ініцыятывы, якія прынясуць пазітыўныя змены ў грамадзянскай супольнасці рэгіёну і маглі адстойваць свае правы».
«І першая сустрэча паказала ўжо, што сабраліся аднадумцы: мы знаёміліся, дзяліліся вопытам, прафесійнымі і асабістымі кампетэнцыямі, вельмі чула слухалі адна адну, так, што ў досыць халодным памяшканні, адчулі сябе цяпло і камфортна, сапраўды сярод сваіх», – распавядае Таццяна Трафімава, таксама адна з арганізатараў.
«Нас, некалькі жанчын з розных сфераў дзейнасці, з рознымі поглядамі, але нам пашчасціла сустрэцца, і нас абʼядноўвае тое, што мы лічым, што жанчыны могуць самі рабіць свой выбар і быць лідаркамі. Мы атрымлівалі веды, якімі з намі дзяліліся іншыя жанчыны і цяпер надышоў момант, каб і мы маглі падзяліцца сваімі ведамі з жанчынамі нашага гораду», – патлумачыла Дамаскіна.
Ёсць жанчыны, дадала яна, якія абсалютна камфортна сябе адчуваюць у ролі маці, хатняй гаспадыні. «Яны так рэалізуюць сябе і шчаслівыя. А ёсць жанчыны з яркімі рысамі лідарства, якім складана знаходзіцца толькі ў межах дома і сям'і. І рана ці позна гэта выльецца ў знешнюю рэалізацыю – у ролю арганізатара, кіраўніка, яна будзе гуртаваць вакол сябе людзей і запускаць працэсы. Гэта нельга падаўляць, а трэба спрыяць і развіваць», – кажа Вольга Дамаскіна.
Удзел у школе «Мова жанчын» – бясплатны. Спікеры і трэнеры арыентаваны на тое, што жаночае лідарства гэта не толькі індывідуальны кар'ерны рост, але і захаванне правоў жанчын на атрыманне паўнавартасных і роўных магчымасцяў.
«Мы намецілі тэму наступнай сустрэчы – гульня, скіраваная на зніжэнне ўплыву гендарных стэрэатыпаў, не толькі на мужчын, але перш за ўсё на жанчын», – кажа ТаццянаТрафімава.
«Мы разам будзем адкрываць новыя старонкі жаночага актывізму ў рэгіёне», – заключылі арганізатаркі Школы «Мова Жанчын».