Ваданосава: «Мяне запрасілі працаваць на тэлебачанне, бо добра размаўляю па-беларуску»

Сустрэча са спявачкай, паэткай і тэлевядучай Кацярынай Ваданосавай прайшла ў Наваполацку ў межах школы «Мова жанчынаў». На ёй творца адказала на пытанні і выканала некалькі сваіх песняў.
Кацярына Ваданосава. Фота з асабістай старонкі vk.com

«Жывая культура» ці як трапіць на тэлебачанне, дзякуючы беларускай мове

Кацярына Ваданосава – вядучая тэлепраграмы «Жывая культура» на тэлеканале «Беларусь 3», кажа, што на тэлебачанне яе запрасілі. Чаму? Бо ведае беларускую мову.

«Мяне запрасілі, бо не так шмат людзей там працуе, якія могуць па-беларуску гаварыць, а я магу размаўляць па-беларуску нармальна, нязмушана. Па сутнасці гэта галоўны крытэр, чаму мяне ўзялі на гэтую працу», - прыгадала яна.

Да таго ж, яна па адукацыі гісторык, а праграма прысвечаная нематэрыяльнай культурнай спадчыне Беларусі са спісу ЮНЕСКА: адметныя абрады, рамёцтвы, ткацтва, вышыўка, якая не сустракаецца нідзе больш, танцавальныя традыцыі.

«Спіс стала папаўняецца. Апошняе, што ўвайшло ў спіс нематэрыяльнай каштоўнасці – гэта былі карасі ў смятане», - прыгадала вядучая.

Сцэнар напісаць немагчыма

Кацярына прызналася, што пры падрыхтоўцы праграмы цяжка загадзя падрыхтаваць сцэнарый, «таму што мы едзем у камандзіроўку і ніколі не ведаем, з чым мы сутыкнёмся».
«Заданне пэўнае ёсць асвятліць пэўны элемент. Вось, напрыклад, глядзім каляндар і бачым, у гэтым месяцы свята пісанак у Гродзенскай вобласці. Мы едзем туды. Калі нешта, прымеркаванае да нейкіх датаў, мы туды едзем. Калі не – ткацтва, вышыўка – то мы можам там быць у любы іншы дзень», - патлумачыла яна.

З цікавага прыгадала, як аднойчы яны прыехалі ў вёску, каб запісаць праграму пра мясцовыя стравы.

«Прыязджаем аднойчы ў вёску з тым, каб яны нам прыгатавалі мясцовыя стравы. Прыходзім да адной цётачкі, а яна кажа: «Ой у мяне ціск, я не буду вам нічога гатаваць». Прыходзім да другой, а яна кажа: «Ой у мяне такая малая пенсія, я вам гатаваць не буду, я вам раскажу». Мы ўсё запісваем, губляем на гэта паўдні, зразумела, таксама галодныя. І яна нам так нічога і не паказвае», - распавяла Кацярына.

А ў трэцяй хаце ім зусім ніхто не адчыніў. «А праграму нам трэба зняць. І прадзюсарка кажа: «Каця, шуруй». І я іду. На вуліцы стаіць жанчына з капустай. Я ёй кажу: «А куды гэта вы ідзяце?» Яна ў адказ: «Гатаваць!» «Ой дык мы здымаем праграму, пакажыце». Яна: «У мяне не прыбрана». «Нічога мы вам прыбярэм»», - дадала вядучая.

У выніку здымачнай групе давялося і ў хаце прыбраць, але праграма была знятая. «Гэтыя людзі, якія нам дапамагаюць, інакш нас бы звольнілі 10 разоў ужо», - кажа Кацярына.

«Потым толькі калі вяртаемся, адглядаем увесь матэрыял – а на адну праграму можам зняць на тэлекамеру больш за 20 гадзінаў – і потым з гэтага трэба вычленіць 26 хвілінаў, якія ўвойдуць у перадачу, і напісаць адмыслова для іх закадравік», - заключыла яна.

Дуда і жанчына – рэчы несумяшчальныя?

На колькіх інструментах грае Кацярына і чаму жанчынаў-дударак амаль няма? - і на гэтыя пытанні адказала яна пад час сустрэчы.

«У нас ёсць жанчыны-дударкі, але фішка дударства ў тым, што на дудзе традыцыйна гралі менавіта мужчыны. Калі капнуць глыбей у народную культуру, звычайна на інструментах гралі мужчыны. На ўсіх дудачках, смыках і цымбалах таксама. А жанчынам даводзілася толькі спяваць. Я не ведаю, з чым звязаная такая дыскрымінацыя ў народнай традыцыі, але яна сапраўды была», - адзначыла спявачка.

Адну з гіпотэзаў, чаму так, выказала цымбалістка Хрысціна Марозава. «На цымбалах жанчыны пачалі граць, калі іх паставілі на ножкі. Бо іх па традыцыі трымаць на руках, і гэта было фізічна цяжка», - адзначыла яна.

«У выніку дуду - інструмент, які пачалі аднаўляць зусім нядаўна, аднаўлялі ў гэтай гістарычнай традыцыі. І чамусьці сучасныя мужчыны-дудары кажуць, што жанчына і дуда – паняцці несумяшчальныя, хаця, у прынцыпе, калі лёгкіх хапае, то на дудзе можа граць у прынцыпе любы чалавек», - адзначыла Ваданосава.

Па яе словах, яна асабіста ведае жанчын-дударак. «Не магу сказаць, што ім лёгка жывецца. Пасля выступу, за сцэнай да іх падыходзяць мацёрыя, заслужаныя мужчыны-дудары і кажуць: «Ну што ты робіш, куды ты лезеш, лепей бы ты спявала»», - патлумачыла спявачка.

Калісьці і яна сама грала на дудзе, але зараз яна з большага вісіць дома як прадмет інтэр'ера, таксама яна ўмее граць на фартапіяна, гітары і розных дудках, флейце, варгане.
«Мульціінструменталіст – гэта чалавек, які нармальна не ўмее граць ні на чым, - у выніку самакрытычна прызнаецца Ваданосава. - Ён ведае пару ходаў на кожным інструменце і ўсё».

Школа «Мова жанчынаў» працуе у Новаполацку з канца 2018 года. Тэмы заняткаў – самыя разнастайныя: прысвечаныя ролі сучасных жанчын, абароне іх правоў, гендарным пытанням, грамадскаму актывізму. Асноўная задача – павялічэнне колькасці грамадскіх лідарак у рэгіёне. На сёння сярод удзельніцаў Школы ўжо больш за 70 жанчынаў.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ