Як каталікі святкавалі Вербніцу ў Віцебску. Без міністрантаў і з антысептыкам
5 красавіка каталікі адсвяткавалі Вербніцу, “ННВ” паглядзелі. Як прайшло ва ўмовах пандэміі каронавіруса першае вялікае рэлігійнае свята ў Віцебску.
На падыходзе да касцёла святой Барбары размясціліся гандляркі вербамі, яны ў медыцынскіх масках, як і двое міліцыянтаў, якія для нечага вартуюць кацельную браму.
Масіўныя металічныя ручкі на дзвярах касцёла абгорнутыя у некалькі столак марляй, якую потым можна зняць і выкінуць. На лавах стаяць ёмістасці з антысептыкам.
На святочную імшу сабраліся меней двух дзясяткаў вернікаў, людзей ва ўзросце амаль няма. Пачынаецца служба, адначасова ідзе і споведзь.
Цяпер ксяндзу трэба непакоіцца не толькі пра таямніцу споведзі, але і пра гігіену — пасля кожнага чалавека, ён працірае антысептыкам краты спавядальні.
Пад час еўхарыстыі таксама прымаюцца дадатковыя меры бяспекі — перад тым, як святар дасць гостыю верніку, якому прыходзіцца апускаць медыцынскую маску, яго рукі апрацоўваюцца дэзынфекцыйнай вадкасцю.
Таксама трэба адзначыць, што на святочнай службе не было міністрантаў, функцыю якіх звычайна выконваюць дзеці.
Некалькі дзён таму арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў католікаў у сувязі з пандэміяй каранавірусу ўстрымацца ад наведвання касцёлаў, а ўдзел у святочных набажэнствах прымаць з дапамогай трансляцый:
— Звяртаюся да вернікаў, сабліва да людзей старэйшага ўзросту, асобаў з сімптомамі хваробы і да тых, хто адчувае страх заражэння, з просьбай у гэтыя складаныя дні карыстацца дыспенсай, дадзенай раней, заставацца дома і ўдзельнічаць у набажэнствах Вялікага тыдня праз сродкі масавай камунікацыі, — напісаў ён.