Шаноўныя святары, кансэкраваныя браты і сёстры,
дарагія вернікі, суайчыннікі!
Хрысціянская вера – гэта няспынны напамін чалавецтву пра тое, што яно не пакінутае на волю сляпога лёсу. Мы не наступствы выпадковых падзей ці здарэнняў у Сусвеце, але плён творчага акту Сутнасці, недасяжнай нам у поўнай меры, але Якая паказвае нам няспынна сваю бязмежную Любоў. Сутнасці, для Якой мы з’яўляемся дзецьмі, непаслухмянасць і ганарлівасць каторых Яна выпраўляе коштам свайго пасвячэння і сваёй ахвяры. Менавіта пра гэта кажа нам Вялікдзень: твае грахі, чалавеча, прабачаныя! Але прымі, зразумей і будзь удзячны за гэта!
Вялікі Пост, які мы перажылі ў гэтым годзе, быў пазначаны асаблівымі выклікамі, каторыя не павінны аднак пазбавіць нас даверу да Бога і спадзявання на Яго Айцоўскую дабрыню і міласэрнасць да кожнага чалавека. Велікодныя Святы нагадваюць нам, што Сын Божы не застаецца ўбаку ад людскіх выпрабаванняў, але сам бярэ крыж, несучы яго разам з намі, каб на ім памерці і… Уваскрэснуць!
“…Будзьце адважнымі: Я перамог свет”! (Ян 16.33). І сёння мы святкуем удзел у гэтай Перамозе! Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!
Гэта рэчаісная перамога Хрыста над грахом і смерцю няхай дапаможа нам наноў перагледзець нашае жыццё, убачыць і зразумець яго сэнс, ацаніць сваё месца ў ім і ўзважыць свае магчымасці, пагадзіцца з Ягонымі словамі: “Без Мяне нічога не можаце зрабіць” (Ян 15. 5). Так, гэта патрабуе пакоры, але прыклад таго дае нам сам Збаўца: “Ён, будучы ў постаці Бога, не скарыстаўся магчымасцю, каб быць нароўні з Богам, але выракся Самога Сябе, прыняўшы постаць слугі, прыпадобніўшыся да людзей. І з выгляду стаўшы як чалавек, прынізіў Самога Сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, і то смерці крыжовай” (Флп 2.6-8).
Бог любіць нас! Няхай гэтая праўда напаўняе вас, дарагія браты і сёстры, радасцю і спакоем! Няхай дае сілы ў выпрабаваннях, няхай вучыць нас быць спагадлівымі, адказнымі і міласэрнымі да саміх сябе і да нашых бліжніх!
Здароўя і Божага бласлаўлення! Хрыстос Уваскрос! Са Святам!
+Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі
Паводле catholicnews.by