Інсталяцыю «МОВА» усё ж усталявалі насупраць ратушы. Чаму так не хутка?
Насупраць ратушы ў Віцебску з’явіўся арт-аб’ект, прысвечаны роднай мове. Ён павінен выконваць функцыі інтэрактыўнай вулічнай мэблі.
Інсталяцыя з рознакаляровых літар, з якіх складаецца слова «МОВА» усталяваная непадалёку ад маста 1000-годдзя Віцебска. Галоўная адметнасць арт-інсталяцый, якія з’яўляюцца ў розных гарадах – у колерах, якія па задуме аўтара, вядомага беларускага скульптара Паўла Вайніцкага, адмыслова падбіраліся так, каб паказаць праз іх гістарычныя і прыродныя асаблівасці ўсіх рэгіёнаў краіны.
Для Віцебска выбралі спалучэнне жоўтага, сіняга, тэракотавага, чырвонага і чорнага. У ім павінны пазнавацца колеры супрэматызму – мастацкага кірунку, заснаванага адным з найвядомейшых творцаў XX стагоддзя Казімірам Малевічам. Менавіта ў Віцебску роўна сто гадоў таму ён сабраў вакол сябе аднадумцаў і ўтварыў аб’яднанне УНОВІС, цяпер вядомае ва ўсім свеце.
— Праекты па падтрымцы беларускай мовы і тэм, звязаных з пытаннямі нацыянальнай ідэнтычнасці, – адзін з галоўных кірункаў дзейнасці А1. Мы спадзяемся, што арт-інсталяцыі будуць папулярнымі месцамі адпачынку і нагадаюць пра тое, чым можа ганарыцца кожны беларус. Віцебск вядомы ва ўсім свеце як цэнтр авангарднага мастацтва дзякуючы аб’яднанню УНОВІС. Вяртанню на гістарычную радзіму імёнаў і работ яго мастакоў прысвечаны асобны праект #UNOVIS100, у рэалізацыі якога актыўны ўдзел прымае кампанія А1. Мы вельмі рады, што цяпер ужо праз арт-аб’ект «МОВА» адбываецца яшчэ і сімвалічнае вяртанне колераў, што ўпрыгожвалі віцебскія вуліцы, будынкі і трамваі ў 1920-я гады, – адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў.
Побач з інсталяцыяй абяцаюць у хуткім часе стварыць сетку бясплатнага Wi-Fi ад А1.
З’яўленне арт-аб’екта «МОВА» ў Віцебску анансавалі яшчэ ў лютам, тады планавалася усталяваць літары ў пачатку вясны,аднак гэтаму, падобна, перашкодзіла пандэмія COVID-19.