ФК “Віцебск” на выяздзе згубіў перамогу
Нашы футбалісты другі круг нацыянальнага першынства пачалі выяздным паядынкам супраць “Гарадзеі”.
Матч выдаўся досыць галявым. Вельмі спадабаўся першы тайм у выкананні віцяблян. Аднак шкада, што нашых хлопцаў падвяла рэалізацыя.
А цяпер па парадку. Лік на табло адкрыў галіадор “Віцебска” Іон Нікалаеску. Праз некалькі хвілін ён жа меў выдатны шанец павялічыць перавагу, але мяч пасля яго ўдара праляцеў у некалькіх сантыметрах ад штангі. За гэты нерэалізаваны момант “Гарадзея” пакарала, імгнена ўсталяваўшы парытэт.
Выдатнейшы шанец вывесці наш клуб наперад за некалькі хвілін да перыпынка меў Арцём Гурэнка, але мяч пасля яго ўдара парыраваў брамнік гаспадароў. Можна яшчэ ўзгадаць і ўдар Антона Матвеенкі. Але і ён не прынёс “Віцебску” дывідэндаў.
Пасля перапынка віцябляне выглядалі не так яскрава. Тым не менш на 58-й хвіліне падапечныя Сяргея Ясінскага здолелі выйсці наперад. Абарону суперніка ўзламаў Дыега Сантас, які адправіў мяч у сетку варот (2:1).
На жаль, такі лік не захаваўся да фінальнага свістка. На 87-й хвіліне “Гарадзея” ў чарговы раз зраўняла лік і пазбавіла “Віцебск” перамогі.