Народные новости Витебска

Ва Ушачах усталявалі бюсты Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна

15 чэрвеня ва Ушачах былі усталяваныя помнікі Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну, на якія збіралі грошы праз ахвяраванні.

У выніку людзі ахвяравалі на помнікі народнаму пісьменніку і народнаму паэту больш за 11 000 даляраў. Дзякуючы гэтым народным грошам справа здзейснілася.

Бюсты стварылі скульптары Ігар Засімовіч і Аляксей Сарокін, а архітэктарам выступіў Віктар Карака. Пастаменты для помнікаў з каласальнай зніжкай вырабіла заслаўская майстэрня «Гранітны свет», а завёз пастаменты ва Ушачы сваім коштам спадар Віктар Обух, пра гэта паведаміў Глеб Лабадзенка, які займаўся праектам.

— Каб паставіць гэтыя помнікі, мне спатрэбілася 2 гады і жменя нерваў. Усё магло здзейсніцца і раней, каб не ўсюдыісная бюракратыя. Я не ведаю, ці запрашаць вас на афіцыйнае адкрыццё, якое адбудзецца ў пятніцу а 10 гадзіне. І, напэўна, не паеду сам. Абсалютна зразумела, што так як Касцюшку гэтыя помнікі цяпер не адкрыеш. Таму проста прыязджайце зірнуць на іх як будзе час,напісаў ён у facebook.

І Васіль Быкаў, і Рыгор Барадулін нарадзіліся на Вушаччыне — першы ў вёсцы Бычкі, а другі на хутары Верасоўка. Пасьля ліквідацыі хутара ў 1937 бацькі з двухгадовым Рыгорам Барадуліным пераехалі ў райцэнтар. Васіль Быкаў пахаваны на Усходніх могілках у Мінску, а Рыгор Барадулін на могілках у саміх Ушачах.