Велікоднае віншаванне віцебскага біскупа Алега Буткевіча

Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, шаноўныя суайчыннікі!

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Серабро

“У Ягонае Імя павінна абвяшчацца пакаянне
дзеля адпушчэння грахоў усім народам,
пачынаючы ад Ерузалема”
Лк 24,47

Уваскрасенне Езуса Хрыста, якое ў гэты час мы перажываем, не пазначана сёлета ўзнёслай радасцю, якая звычайна спадарожнічае гэтаму святу – галоўнай падзеі, з каторай чэрпае сваю моц і абгрунтаванне хрысціянская вера. Не таму, што яна нібыта перастала быць праўдай, але таму, што гэтая праўда перастала кранаць людскія сэрцы, мець уплыў на жыццё чалавека і як вынік – не стрымала вайны, што знішчае людское жыццё і нясе разбурэнне.

Калісьці Хрыстос сказаў вельмі моцныя словы: “Кажу вам: калі не пакаецеся, усе таксама загінеце” (пар. Лк 13,3). Яны прагучалі ў адказ на паведамленне пра злачынства, здзейсненае Пілатам над групай галілеян. Гэтае моцнае папярэджанне Збаўцы набывае асаблівую актуальнасць сёння. І добра, калі яно стане нагодай не спужацца, але па-сапраўднаму паважна падысці да Евангелля – Добрай Весткі пра тое, як “…палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3,16). Бо Бог “не хоча смерці грэшніка, але каб адвярнуўся ад шляху свайго і жыў” (Эз 33,11).

Апошні час нясе з сабой шмат папярэджанняў чалавецтву. І ў гэтым хаваецца таксама вялікая Божая Міласэрнасць. Нам, сваім часта непаслухмяным дзецям, Ён хоча зноў і зноў сказаць: “Я люблю вас”! Як доказ таму – чарговае Свята Пасхі, падчас якога мы разважаем і перажываем крыжовую пакуту ахвяраванага дзеля нас Божага Сына. Аднак гэта дзеля таго, каб разам з Ім уваскрэснуць: тут, у гэтым свеце са сваіх грахоў і недахопаў, а напрыканцы часоў – да жыцця вечнага.

“Гэта Я сказаў вам, каб вы мелі ўва Мне спакой. У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет” (Ян 16,33). Няхай гэтыя словы Хрыста не пакідаюць вас ніколі, становячыся крыніцай надзеі і мудрага падыходу да жыцця! Няхай Божы спакой напаўняе вашыя сэрцы, дамы, нашу Краіну і ўвесь свет!

Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Са Святам!

+Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі

Паводле catholicnews.by

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ