Біскуп Буткевіч віншуе вернікаў Віцебшчыны з Хрыстовым Нараджэннем

Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, шаноўныя людзі добрай волі!

“І нарадзіла Сына свайго першароднага.
Спавіла Яго і паклала ў яслі,
бо не было ім месца ў заездзе” (Лк 2,7).

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Фота Сержука Серабро

Такім простым сказам, радасным і адначасова сумным, перадае Святое Пісанне праўду пра выключную ў гісторыі падзею – нараджэнне Божага Сына. Радасным, бо нарадзіўся Першынец, Той, на Якім споўніліся старадаўнія прароцтвы, і Які стане пераможцам граху і смерці. Сумным, бо застаўся непажаданым, адкінутым тымі, дзеля каго прыйшоў у гэты свет, дзеля каго прынізіў сябе як Бог, стаўшы Сынам Чалавечым.

Аднак не ўсё было так кепска. Бо Нованароджанага Збаўцу сагравала любоў Яго Матулі, апека Яе мужа, і Яго абранага бацькі. Здзіўленне і радасць пастушкоў – простых людзей вялікага сэрца – і прыгожыя спевы Анёльскага войска разам са ззяннем Бэтлеемскай зоркі. З году ў год мы не проста ўзгадваем гэтую падзею. Насамрэч мы яе перажываем! Бо Бог ёсць вечны і Яго нараджэнне трывае няспынна!

Ён нараджаецца там, дзе з верай прымаюць Ягонае Слова. У кожнай людской душы, якая не закрывае сябе для духоўных каштоўнасцей і не баіцца быць чулай на патрэбы бедных і абяздоленых. Там нараджаецца Бог. Знакам таму ёсць спакой і любоў “доўгацярплівая, ласкавая, якая не зайздросціць…, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай, усё зносіць, усяму (Божаму) верыць, на ўсё спадзяецца. (пар: 1Кар13, 4-7).

Такой любові і спакою хачу пажадаць Вам, дарагія браты і сёстры, асабліва цяпер, у наш неспакойны час, які патрабуе аднаго: адкрытых людскіх сэрцаў на Божае Слова, гатовых стацца Яго калыскай, гатовых прыняць Яго Праўду, Яго Жыццё і ісці Яго Шляхам. Гатовых паверыць у Ягоную моц, што не толькі аказвае міласэрнасць, але і ўсталёўвае канчатковую справядлівасць.

Няхай ззянне ўпрыгожаных елак нагадвае нам пра святло Бэтлеемскай Зоркі, якое паказала шлях да Хрыста тром Мудрацам, каб і нам адкрылася тая Божая мудрасць, каторая гэты свет стварыла, і мае моц гэты свет уратаваць. А ўзнёслае гучанне калядных спеваў няхай напоўніць Вашыя сэрцы надзеяй і радасцю, якую толькі можа даць прысутнасць Нованароджанага Збаўцы!

Бласлаўлёнага Нараджэння Хрыстовага і шчаслівага Новага 2023 года!

+Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі

Via catholicnews.by

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ