Выйшла новая кніга пра Оршу, якая ахоплівае гісторыю гэтага славутага горада ад старажытнасці на XIX стагоддзя
Краязнаўца Віктар Сцяпанаў выдаў кнігу “Рьша, Орша, Ворша: гісторыя горада ад старажытнасці да сярэдзіны XIX стагоддзя”.
Аўтар прапануе сваю кнігу ўсім, каго цікавіць гісторыя Беларусі, а ў прыватнасці — Оршы. Спадар Сцяпанаў адзначае, што ў кнізе маецца не толькі пералік больш альбо менш вядомых фактаў, але і апісанне працэсу паступовага нараджэння і ўсталявання гарадской грамады як асновы, з якой пазней вырасла і на падставе якой сфарміравалася сучаснае еўрапейскае грамадства.
— Я паспрабаваў больш падрабязна паказаць працэс пераўтварэння памежнага ўмацавання ў складанае і шматаблічнае сацыяльнае ўтварэнне, развіццё якога на пэўным этапе пачало падпарадкоўвацца сваім унутраным эканамічным і сацыяльным законам, а з другога боку, стала асновай развіцця ў глыбіні традыцыйнага феадальнага грамадства пачаткаў новай буржуазнай цывілізацыі, у тым ліку сучаснай дэмакратыі і рэспубліканскай формы кіравання, — кажа ён.
Таксама аўтар спрабуе асобна адзначыць значэнне ў развіцці горада агульнаеўрапейскіх працэсаў, у прыватнасці, Рэфармацыі і Контррэфармацыі, а таксама спецыфічны беларускі характар міжканфесійнай палемікі, які дазваляў абысціся без звычайных для той эпохі праяў масавага гвалту, але спрыяў развіццю кнігадрукавання і мастацтва. Кніга ўтрымлівае мае спробы паразважаць над лёсам роднага горада, і ацаніць тыя выпрабаванні, якія давялося яму перажыць, і згадаць тых людзей, чые ўчынкі адбіліся на ягонай гісторыі.
Кошт кнігі “Рьша, Орша, Ворша: гісторыя горада ад старажытнасці да сярэдзіны XIX стагоддзя” 20 рублёў. Заплаціць гэтыя грошы можна будзе ў якасці накладных выдаткаў, разам з коштам перасылкі, падчас атрымання дасланай накладзеным плацяжом кнігі на пошце. Заяўку на набыццё кнігі трэба дасылаць аўтару па электроннай пошце на адрас [email protected]. У гэтым лісце неабходна пазначыць паштовы адрас, па якімбудзе адпраўленая бандэроль з кнігай.