Народные новости Витебска

Ворша: падземныя хады, падземная царква, пячоры і старажытныя скляпенні…

Калі б сур’ёзна ўзяцца ды напісаць пра падземныя хады, пячоры і патаемныя памяшканні ў Воршы, то я не выключаю, што магла б атрымацца вялікая кніга, і можа быць, нават і не адна.

Звычайна тыя, каму лёс дазволіў нарадзіцца і жыць ў адным з самых старажытных гарадоў Беларусі, маюць агульную рысу – рамантычную схільнасць да аповядаў пра старажытныя муры, падземныя хады ды скляпенні. Аршанцы таксама ў размовах і паміж сабой, і з чужымі, ахвотна распавядаюць пра лёхі ды старажытныя пячоры, наведаныя ды агледжаныя падвалы, закінутыя да захаваныя даўнейшыя памяшканні. Амаль кожны тут чуў ад іншых ці нават сам займаўся паходамі ды вывучэннем такіх месцаў. І нават у тых, хто выехаў з радзімы, гэты, так бы мовіць, вірус застаецца назаўсёды на працягу ўсяго жыцця.

Практычна кожны аршанец можа распавесці пра экспедыцыі ў старажытныя хады і танэлі, у якіх удзельнічалі самі або нехта са знаёмых. І мне таксама даводзілася чуць гісторыю пра правал аднаго з падземных хадоў недалёка ад гарадскога рынку, бліжэй да будынка суда...

Наш выдатны зямляк Уладзімір Караткевіч таксама быў знаёмы з мясцовымі падземнымі хадамі, сутарэннямі ды аповедамі пра іх. У пачатку сваёй паэтычнай творчасці ён стварыў паэму “Слова пра чалавечнасць” (выйшла ў зборніку “Вячэрнія ветразі” у1960 г.) пра барацьбу падпольшчыкаў у старажытным горадзе, пад якім разумелася Ворша, дзе яны ратуюцца ад акупантаў ў падземным ходзе.

Пазней у нарысе “Коласаўцы” Уладзімір Караткевіч згадваў пра свае першыя сустрэчы з тэатральным мастацтвам -- пра спектаклі Віцебскага тэатра ў тагачасным гарнізонным клубе, у які быў ператвораны касцёл Святога Язэпа. І менавіта праз падземныя памяшканні, паводле ўспамінаў Караткевіча, трапляла у гістарычны будынак “безбілетная”, але дужа зацікаўленая тэатральным мастацтвам аршанская дзятва.

Дзіўна, але пры такой вялікай колькасці народных звестак амаль няма пісьмовых дакументаў і навуковых даследванняў пра аршанскія падземныя хады. Навукоўцы да гэтага захаплення тутэйшых насельнікаў заўсёды ставіліся хутчэй скептычна. Маўляў, падобныя аповяды пра цёмныя сутарэнні ды старажытныя палацы пад зямлёй абавязкова існуюць у кожным горадзе з больш-менш даўняй гісторыяй. І легенды пра злучаныя танэлямі храмы або замкі з’ўляюцца усяго толькі асаблівасцю мясцовага фальклору.

З ліку нешматлікіх навуковых апісанняў можам прыгадаць артыкул “Аршанскія пячоры” Дзмітрыя Іванавіча Даўгялы ў часопісе “Наш край”, № 8-9, 1926 года.

Пазнейшаму пашырэнню гэтай тэмы паспрыяла дзейнасць аршанскага краязнаўцы і відэадакументаліста Эдуарда Навагонскага. У сеціве ахвотныя могуць знайсці ягоны фільм пад назвай “Легенды, были и свидетельства о подземных ходах Орши”:

У гэтай дакументальнай стужцы Эдуард Навагонскі, дарэчы, прыводзіць звесткі пра наяўнасць адмысловага падземнага хода ў старажытным Аршанскім замку. Ён быў згаданы ў вядомым дакуменце “Інвентар Аршанскага замка” 1560 г. і меў канкрэтную функцыю – каб абаронцы замка маглі патаемна браць ваду з ракі.

У мінулым годзе Ворша адзначала 955 гадоў ад першай згадкі горада ў летапісных крыніцах, а ў снежні мы мелі чарговую дату ўгодкаў Магдэбургскага права. З гэтых дзвюх нагодаў я вырашыў у гонар свайго роднага горада выдаць уласную кнігу – “Ръша, Орша, Ворша. Гісторыя горада ад старажытнасці да сярэдзіны ХІХ стагоддзя”.

Змест кнігі:

  1. Старажытная Ворша…………………………………………………….
    1.1. Дата заснавання і назва горада………………………………...………
    1.2. Праблема назвы горада……………………………..………………….
    1.3. Час заснавання горада……………………….…………………………
    1.4. Памежная крэпасць……………………………………….…………….
    1.5. Цэнтр гандлю і рамёстваў………………………………….………..…
    1.6. Дзядзінец, пасады, Аршанская воласць…………………………
  2. Ворша ў складзе Вялікага княства Літоўскага………………
    2.4. Гарадская гаспадарка і адміністрацыя………………………...……….
    2.4.1. Падаткі, павіннасці і прывілеі………………………………..…….…
    2.5. На шляху ад веча да Магдэбургскага права……………………...…
    2.6. Войт, цівун, лаўнікі. Зямяне і драбы. Нацыянальны склад насельніцтва
    2.7. Канфесіі, адукацыя і культура
    2.7.1. Кальвінізм і праваслаўныя брацтвы……………….………...…….…
    2.8. Філон Кміта-Чарнабыльскі……………………………..………………
  3. Ворша ў складзе Рэчы Паспалітай…………………………………..…
    3.1. Войны XVII – XVIII стст……………………………………..…….…...
    3.2. Магдэбургскае права і гарадскі герб 1620 г…………………….....…..
    3.3. Купцы і цэхі………………......................................................................
    3.4. Аршанскі вількер…………………...……………………..………....….
    3.5. “Аказачванне” і пасляваенны заняпад…………………………
    3.6. Канфесіі, адукацыя і культура……………………………….…….
    3.7. Куцеінскі манастыр і друкарня……………………………….....
    3.7.1. Куцеінскія мастакі……………………...………..…………….…..…
    3.7.2. Куцеінская гравюра…………………………...……..…………....
    3.7.3. Куцеінскія разьбяры……………………………...……..……….…
    3.7.4. Куцеінская кафля…………………………………………………...…
    3.7.5. Куцеінскія паэты і Аршанскі зборнік………………………
  4. Ворша ў складзе Расійскай імперыі (да сярэдзіны XIX ст.)……………….
    4.1. Гарадскі герб 1781 г…………………………………..…………………….
    4.2. Вайна 1812 г……………………………………………………....……..…..
    4.3. Рост насельніцтва, ягоны сацыяльны і нацыянальны склад………
    4.4. Эканамічнае развіццё горада…………………………………………........
    4.5. Адукацыя і культура………………………………………..………...…

Натуральна, у невялікім зборніку я не меў магчымасці асвяціць усе тэмы, які былі б неабходнымі і цікавымі для поўнага агляду гісторыі горада. Напрыклад, у гутарках з калегамі – былымі музейшчыкамі ды краязнаўцамі – мы прыходзілі да высноваў, што ў такім аглядзе павінны мусіць быць асветлены шырокі досвед многіх беларускіх навукоўцаў, якія вывучалі гісторыю і культурную спадчыну нашага горада. Згадвалі, прынамсі, плён працы, у тым ліку, Вольгі Мікалаеўны Ляўко.
Менавіта В. М. Ляўко кіравала раскопкамі і вывучэннем старажытнай падземнай царквы на тэрыторыі Куцеінскага манастыра, якой у маёй кнізе прысвечана глава “Куцеінскі манастыр і друкарня”. І ўвогуле ў другім выданні маёй кнігі я збіраюся прысвяціць асобную частку апісанням археалагічнага вывучэння горада.

Спадзяюся, што вывучэнне археалагічнай спадчыны старажытнай Воршы ў хуткім часе працягнецца. І што зацікаўленую аршанскую грамадскасць не пакіне жаданне збіраць і пераказваць гісторыі пра падземныя хады, а некалі, магчыма, аршанцы нават арганізуюць ды прафінанскуюць навуковыя даследаванні гэтай тэмы. Уявім, што некалі гэтай тэмай зацікавяцца і мясцовы друк, і тэлевізійны канал (і іх будзе можа быць і некалькі), і многія сецівыя рэсурсы.

Другое, дапоўненае выданне маёй кнігі таксама пакуль яшчэ ў планах ды распрацоўцы, а таму прапаную ахвотным пазнаёміцца з першым варыянтам гістарычнага зборніка “Ръша, Орша, Ворша. Гісторыя горада ад старажытнасці да сярэдзіны ХІХ стагоддзя”, які можна набыць праз пошту. Кошт выдання – 20 рублёў + паштовыя выдаткі (2-3 рублі у залежнасці ад рэгіёна перасылкі). Перадаплата не патрэбная, бо я высылаю кнігі накладзеным плацяжом. Грошы трэба будзе заплаціць у момант атрымання на паштовым аддзяленні. Дзеля гэтага я чакаю ад зацікаўленых чытачоў пісьмовых заявак з пазначаным адрасам. Такія лісты-заяўкі можна дасылаць на адрас маёй электроннай пошты stsiapanausmail@gmail.com.