Калядныя ўрачыстасці адбываюцца 25 снежня ў касцёлах Віцебскай вобласці.
Зараз Віцебская дыяцэзія Рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі налічвае 94 парафіі. «ННВ» пабывалі ў адной з найбольшых парафій рэгіёна — касцёле Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Паставах.
Прыкладна за гадзіну да пачатку імшы ў касцёле адбылася інсцэніроўка пра цуд Божага Нараджэння, падрыхтаваная дзецьмі.
Апоўначы пачалося само набажэнства. У касцёле да таго часу літаральна не было дзе ўпасці яблыку.
На пачатку імшы ксёндз зачытаў пасланне мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага. «Бог прыходзіць у свет самым звычайным чынам: прыходзіць як дзіцятка, народжанае маці. Бог стаўся чалавекам, каб мы ўсвядомілі і ўбачылі, наколькі кожны чалавек каштоўны і важны ў вачах Бога. Гэтая святая ноч няспынна нагадвае нам, што самае важнае — гэта чалавек ва ўсёй праўдзе і велічы сваёй чалавечнасці і годнасці», — піша ў пасланні арцыбіскуп.
Дарэчы, «ННВ» здымалі святочную імшу ў касцёле Антонія Падуанскага ў Паставах роўна 10 гадоў таму, фотаздымкі можна паглядзець тут. Цікава, што тады ў Віцебскай дыяцэзіі было 137 парафій.