ЕС і краіны-удзельніцы «Усходняга партнёрства» падпішуць асацыятыўную дамову
Краіны ўдзельніцы еўрапейскай праграмы «Усходняе партнёрства» заключаць з Еўрапейскім Саюзам асацыятыўную дамову — больш шырокае, у параўнанні з ужо існуючымі дамовамі, пагадненне, якое ўключае ў сябе дадатковыя накірункі супрацоўніцтва, напрыклад, свабодны гандаль. Пра гэта было паведамлена пад час візіту ў Азербайджан кіраўніка сектара Генеральнага дырэктарата па знешніх сувязях па Беларусі, Малдове, Украіне і Паўднёваму Каўказу Джона Кея (John Kjaer) і прадстаўніка Дырэктарата па Еўрапейскай палітыцы суседства Еўракамісіі Джавані Крэманіні (Giovanni Cremonini).
Спадар Крэманіні адзначыў, што ва Усходняга партнёрства маецца два падыходы да адносінаў — двухбаковы і шматбаковы. «Што тычыцца шматбаковага партнёрства — мы выявілі чатыры платформы ў чатырох кірунках»,— сказаў ён.
Да першага Еўрапейскі саюз адносіць дэмакратыю, удалае кіраванне і стабільнасць, да другога — эканамічную інтэграцыю і палітыку адпаведнасці еўрапейскаму заканадаўству, да трэцяга — пытанні энергетыкі, да чацвёртага — пытанні міждзяржаўных сувязяў.
Звычайных грамадзян шасці краін былога СССР у першую чаргу можа зацікавіць ільготны візавы рэжым з краінамі ЕС. “Спрашчэнне візавага рэжыму азначае не яго адмену, а спрашчэнне працэсу ўезду звычайных грамадзян на тэрыторыю краін супольнасці. Паралельна з названым дакументам павінна быць падпісана і пагадненне аб рэадмісіі (перасячэнню нелегальнай міграцыі)”,— адзначыў Джон Кей. Прыняцце гэтых пагадненняў выразіцца ў змяншэнні платы за візу і скарачэнні тэрмінаў яе выдачы.
Найважнейшай ўмовай для шасці краін, якія ўдзельнічаюць у праграме «Усходняе партнёрства», для падпісанні асацыяцыйнага пагаднення з’яўляецца тое, каб кожная краіна ўжо была сябрам Сусветнай гандлёвай арганізацыі. З шасці краін удзельніц у СГА пакуль не ўваходзяць (маюць статус назіральнікаў) толькі Азербайджан і Беларусь.
Як мы ўжо адзначылі эканамічным складнікам “Усходняга партнёрства” павінна стаць пагадненне аб свабодным гандлі, якое ахопіць таксама сферу паслуг і закране праблему правоў на інтэлектуальную ўласнасць. Акрамя сяброўства ў Сусветнай гандлёвай арганізацыі, краіны ўдзельніцы “Усходняга партнёрства” павінны максімальна наблізіць сваё эканамічнае заканадаўства да стандартаў ЕС.
Асаблівае месца ў праграме “Усходняе партнёрства” надаецца ролі грамадзянскіх супольнасцяў у развіцці сувязяў паміж краінамі партнёрамі і Еўрапейскім саюзам. 16-17 лістапада ў Брусэлі будзе праходзіць Форум прадстаўнікоў грамадзянскіх супольнасцяў краін удзельнікаў праграмы Еўрасаюза “Усходняе партнёрства”.
Праграма “Усходняе партнёрства” — праграма, распачатая з польска-шведскай ініцыятывы, накіраваная на паляпшэнне стасункаў Еўрапейскага саюза з постсавецкімі краінамі. “Усходняе партнёрства” ахоплівае шэсць краін суседзяў ЕС: Азербайджан, Арменію, Беларусь, Грузію, Малдову і Украіну. У межах праграмы Еўрасаюза краінам удзельніцам плануецца выдзеліць 600 мільёнаў еўра ў перыяд 2009-2013 г. Падобныя пагадненні ўжо дзейнічаюць паміж Еўрапейскім саюзам і Ісландыяй, Ліхтэнштэйнам і Нарвегіяй.