У Музычнай гасцёўні адбудзецца прэзентацыя эскізаў помніка княгіне Вользе

У віцебскай Музычнай гасцёўні зараз рыхтуюць цікавую прэзентацыю – эскізаў помніка святой роўнаапостальнай княгіне Вользе, якая лічыцца заснавальніцай Віцебска. Выстава стане вынікам адкрытага конкурса на стварэнне скульптурнага ўвасаблення вобраза гэтай легендарнай гістарычнай асобы. Творчае спаборніцтва было абвешчана Віцебскім гарвыканкамам і Віцебскай епархіяй Беларускай праваслаўнай царквы.
У конкурсе прынялі ўдзел 16 прафесійных скульптараў і архітэктараў з Віцебска і Мінска. Яны прадставілі свае мадэлі ў мяккім матэрыяле. Працы пакуль што яшчэ не падпісаныя, але многім аўтарам удалося перадаць вобраз княгіні досыць таленавіта. Праўда, некаторыя мадэлі падобны адна на адну, “пераклікаючыся” мастацкімі дэталямі. Некалькі “княгінь” плывуць на ладдзі, амаль усе трымаюць крыж ці герб Віцебска. Ёсць эскізы, на якіх вобраз Вольгі дапаўняе голуб і нейкая драпежная птушка.
Як паведамілі ў Музычнай гасцёўні, плануецца, што адкрыццё выставы адбудзецца ў аўторак, 13 кастрычніка. На выставе, акрамя эскізных праектаў, будуць таксама прадстаўлены фатаздымкі, якія адлюстроўваць аўтарскае бачанне таго, у якім месцы горада павінны ўсталяваць будучы помнік, што побач з ім павінна знаходзіцца. На выставе пройдзе грамадскае абмеркаванне мадэляў. Усе жадаючыя змогуць выказацца наконт кожнага з 16 праектаў, напісаўшы сваё меркаванне ў спецыяльны часопіс. Вывучыўшы ўсе прапановы, конкурсная камісія абярэ лепшы варыянт помніка.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ