Віцебскі Літаратурны музей зачынілі на рамонт
Віцебскі Літаратурны музей часова зачыніў свае дзверы для наведвальнікаў. Тут праводзяць планавы рамонт.
У музеі замяняць дах, вокны, ацяпляльную сістэму і г.д. Эспанаты ў гэты час будуць захоўвацца ў фондах абласнога краязнаўчага музея, філіялам якога і з’яўляецца Літаратурны музей.
Літаратурны музей быў створаны дваццаць год таму, у 1989 годзе, і размешчаны ў будынку помніка прамысловай архітэктуры канца ХІХ стагоддзя – былой электрычнай станцыі трамвая. У фонадах музея сабраны матэрыялы пра беларускіх асветнікаў (Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімеон Полацкі), пра помнікі пісьмовай культуры Беларусі ХІІІ-ХХ стагоддзяў, пра паэтаў і пісьменнікаў Віцебшчыны ХVІІІ-ХІХ стагоддзяў (Францішак Багомолец, Францішак Князьнін, Ян Баршчэўскі, Арцём Вярыга-Дарэўскі), пра сучасных пісьменнікаў-ураджэнцаў Віцебскай вобласці.
Асобныя аддзелы музея прысвечаны пісьменнікам, загінуўшым у гады сталінскіх рэпрэсій, а таксама сувязям рускіх літаратараў з Віцебскім рэгіёнам. У складзе калекцыі – старажытныя рэліквіі пісьменства, батлейка, кніжныя ілюстрацыі, лісты, фотаздымкі, партрэты і кнігі пісьменнікаў, экспанаты, якія знаёмяць з легендамі і паданнямі Віцебскай зямлі.
У музеі пастаянняа праходзілі разнастайныя выставы, у якіх удзельнічалі мастакі з Беларусі і замежжа.