“Лістападаўскія” фільмы будуць ісці і ў Віцебску

Па традыцыі мерапрыемствы Міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, які пачнецца заўтра ў Мінску, пройдуць таксама і ў рэгіёнах краіны, у прыватнасці, у Віцебску, Оршы, Полацку і Наваполацку.

У Віцебску фестываль пачнецца 17 лістапада – у гэты дзень у Доме кіно будзе прэзентавана беларуская стужка “Інсайт” з Багданам Ступкам, Ірынай Разанавай, Аляксеем Шадзько ў галоўных ролях. Чакаецца, што на прэм’еру прыедзе рэжысёр-пастаноўшчык Рэната Грыцкова. Віцебскія гледачы таксама ўбачаць яшчэ адзін новы айчынны фільм, які стаў удзельнікам конкурса “Лістапада”, – “Снайпер” Аляксандра Яфрэмава.

Варта, адзначыць, што яшчэ да адкрыцця “Лістапада” ў Віцебску пачалі паказ фільма расійскага рэжысёра Паўла Лунгіна “Цар”, з якога і распачнецца мінскае свята кіно. Стужка, у якой зняліся вядомы па фільме “Востраў” акцёр Пётр Мамонаў і Алег Янкоўскі, для якога гэта роля стала апошняй. Мамонаў выдатна сыграў Івана Жахлівага, а Янкоўскі – мітрапаліта Філіпа, які адважыўся пайсці насуперак царскай волі.

У кінатэатры “Брыганціна” пройдуць фестывальныя мерапрыемствы для маленькіх гледачоў.

А 19 лістапада ў межах фестывалю ў Доме кіно будуць падведзены вынікі другога конкурса сацыяльнай рэкламы. Лепшыя стужкі арганізатары пакажуць на вялікім экране, а пераможцы атрымаюць прызы ад тэлезавода “Віцязь”.

Меткі:

Чытайце яшчэ