У Оршы праходзіць тыдзень памяці У.Караткевіча
У Оршы, на радзіме славутага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, праходзіць тыдзень памяці, прымеркаваны да 79-годдзя з дня яго нараджэння.З 23 па 29 лістапада ў горадзе штодзень адбываюцца разнастайныя імпрэзы ў гонар класіка: літаратурныя сустрэчы і вечарыны, тэматычныя экурсіі, музейныя заняткі, выставы.
26 лістапада, у дзень нараджэння пісьменніка, каля ягонага помніка адбудуцца літаратурныя чытанні “І не знікаць паэтам вечна...”, у якіх прымуць удзел прыхільнікі творчасці Караткевіча, паэты, пісьменнікі, прадстаўнікі грамадскасці. Такая традыцыя збірацца каля манумента вядомаму земляку існуе ў Оршы ўжо 17 гадоў. На гэты раз чакаюць прыезду сталічных гасцей, сярод якіх паэт Леанід Дранько-Майсюк і бард Эдуард Акулін.
Арганізатарамі тыдня памяці выступаюць Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны і Аршанскі музей У.Караткевіча.