У Віцебску абмяркоўваюць праекты помніка Аляксандру Неўскаму

У віцебскай Музычнай гасцёўні эскпануюцца мадэлі помніка дабравернаму вялікаму князю Аляксандру Неўскаму. На выставе – 11 эскізаў, зробленых скульптарамі і архітэктарамі з Віцебска, Полацка, Мінска. Наведвальнікі могуць прагаласаваць за нумар упадабанага праекта і пакінуць сваё меркаванне ў спецыяльнай кнізе.

Распачынае выставу досыць нечаканы эскіз: князь нібыта стаміўся, спешыўся і проста стаіць каля свайго каня, без зброі і нават без шлема. Аўтар скульптуры прапануе аформіць помнік каскадам з лесвіц і 9 флагштокаў у выглядзе дзідаў і шчытоў, што будзе сімвалізаваць мінулыя стагоддзі. Апошняе незразумела: Неўскі жыў у 13-м стагоддзі, прычым тут лічба “9”?

На двух мадэлях Аляксандр не столькі ваяр, колькі бацька – перад ім на кані сядзіць малы сын Васіль. Некаторыя аўтары паказалі князя-малітвінніка: на адным эскізе вакол ягонай галавы німб святога, на другім ён трымае ў руцэ праваслаўны крыж, а меч і шчыт ляжаць за ягонай спіной на зямлі, на трэцім ён малітоўна прыкладае руку да сэрца. Ёсць скульптуры, дзе Аляксандр Неўскі паказаны разам з жонкай, полацкай князёўнай Параскевіяй (Аляксандрай), дачкой Брачыслава Полацкага.

Пампезна выглядае помнік, дзе князь стаіць на пастаменце ў выглядзе звона, які ўпрыгожваюць галовы ільвоў і арлоў (гэта пераможаныя шведы і лівонцы). Аляксандр трымае не меч, а харугву з выявай Спаса і шлем абаронцы. З другога боку пастамента – сцэна ягонага вянчання з князёўнай Параскевіяй. Вакол пастамента вядомыя словы Неўскага – “Не ў сіле Бог, а ў праўдзе”, якія ён нібыта сказаў перад бітвай са шведамі на Няве.

Вынікі конкурса плануюць падвесці напрыканцы снежня. Аўтар лепшага варыянта атрымае права здзейсніць свой праект, а таксама грашовую прэмію ў памеры 3,5 млн. рублёў. Лаўрэат другой прэміі атрымае 2 млн. рублёў, трэцяй прэміі – 1,5 млн. рублёў.
Помнік славутаму палкаводцу і палітыку плануюць паставіць на плошчы Тысячагоддзя, недалёка ад Свята-Дабравешчанскай царквы.
Нагадаем, што зараз у Віцебску таксама праходзіць другі тур конкурса на стварэнне помніка святой роўнаапостальнай княгіне Вользе.

Акрамя таго, чакаецца, што ў нас можа з’явіцца і помнік князю Альгерду. Пра гэта ўжо неаднаразова выказваўся ініцыятар увядзення значных перамен у горадзе – старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ