Велікоднае віншаванне біскупа Алега Буткевіча
“Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3,16)
Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, людзі добрай волі!
Словы Евангелля паводле св. Яна адлюстроўваюць сутнасць таго, што адбылося ў гэтыя Пасхальныя дні, калі мы перажываем найбольшае Хрысціянскае свята – Уваскрасенне Езуса Хрыста. Чарговы раз мы ўваходзім у таямніцу Крыжовай смерці і Уваскрасення нашага Збаўцы і прагнем падзяліцца з усім светам гэтай радасцю: Бог не адмяніў свайго намеру ратаваць гэты свет, як глыбока б ён не паграз у граху, не страціў сваёй любові да чалавека. Як скажа Апостал Павел, “Бог, будучы багатым на міласэрнасць, у сваёй вялікай любові да нас, і нас, мёртвых з-за грахоў, ажывіў разам з Хрыстом” (Эф 2,4-5). І на іншым месцы: “Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім, ведаючы, што Хрыстус, уваскросшы з мёртвых, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады” (Рым 6,8-9). Так выглядае перспектыва годнага жыцця – жыцця не толькі ў гэтым свеце, але і ў вечнасці.
Крыніцай радасці свята Уваскрасення з’яўляецца яшчэ і таму, што “ў Хрысце Езусе вы, якія калісьці былі далёка, сталіся блізкімі дзякуючы крыві Хрыста…, Ён абвясціў спакой вам, якія далёка, і спакой тым, якія блізка” (Эф 2,13.17). Не існуе больш магутнай сілы прымірэння і паяднання, якую чалавек можа мець праз веру ў Езуса Хрыста. Гэтая вера заўсёды была ўмацаваннем і паратункам для чалавека, асабліва ў хвіліны выпрабаванняў. Такой яна застаецца і зараз.
Няхай Уваскрослы Хрыстос сваёй моцаю сцеражэ сучасны свет ад раздораў, войнаў і знішчэння, а для кожнага з вас стане крыніцай надзеі, сапраўднай радасці і супакою!
Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Са Святам!
+Алег БуткевічБіскуп Віцебскі