Сяргей Каваленка вызвалены пад падпіску аб нявыездзе
Сёння ў 17:10 сябра КХП БНФ Сягей Каваленка выйшаў на волю з Віцебскага СІЗА. Ён вызвалены пад падпіску аб нявыездзе пракурорам Кастрычніцкага раёна Шалухіным В. В. Перад вызваленнем апазіцыянера сфатаграфа і ўзялі яго адбіткі пальцаў.
Нагадаем, што супраць спадара Каваленкі за вывешванне на галоўнай ёлцы горада бел-чырвона-белага сцяга ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 339, частка 2 КК (хуліганства, здзейсненае паўторна, або групай асоб, альбо звязанае з супрацівам асобе, якой спыняліся хуліганскія дзеяньні, альбо спалучаны з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання).
Як паведаміў Сяргей, ён быў схоплены, калі спускаўся з каркаса ёлкі. Два супрацоўнікі палка міліцыі спецыяльнага прызначэння закулі апазіцыянеру рукі ў кайданкі за спіной і пэўны час збівалі яго. Спадару Каваленку ўдалося яшчэ ў пастарунку дамагчыся, каб пабоі зафіксавала медычная экспертыза.