“Лялька” запрашае на свята
Беларускі тэатр “Лялька” ў гэтыя выходныя, 17-18 красавіка, адзначыць сваё 24-годдзе. Па традыцыі свята віцебскіх лялечнікаў і сёлета будзе насычана прыемнымі сюрпрызамі.
17 красавіка адбудуцца два спектаклі. Спачатку ў“Ляльку” запрашаюцца дзеткі на пастаноўку “Жыў быў Заяц” па п’есе М.Шувалава (пачатак а 11-й). А вечарам, у 17 гадзін, – дарослыя на спектакль “Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка”. Перад пачаткам захапляльных сцэнічных дзей перад гледачамі выступяць з канцэртам навучэнцы і педагогі віцебскай СШ №33.
Галоўная святочная імпрэза пройдзе 18 красавіка – з гульнямі, конкурсамі, песнямі, прызамі і падарункамі. У гэты дзень у тэатры пакажуць п’есу “Кветачка-вясёлка” паводле твора В.Катаева (пачатак у 10.30). А затым на сцэну выйдуць польскія госці – Ольштынскі тэатр лялек. Яны прывезлі сваім беларускім калегам падарунак – спектакль “Гісторыя Дзюймовачкі” (пачатак у 14.30). Гэтую ж пастаноўку можна будзе ўбачыць і на наступны дзень, 19 красавіка.