У Віцебску трое зламыснікаў, прадстаўляючыся супрацоўнікамі камунальных служб, абкрадаюць кватэры
У Віцебску ў лютым было здзейснена тры напады на кватэры гараджан. Ва ўсіх выпадках злачынцы дзейнічалі па аднолькавай схеме: у кватэру звоніць жанчына і прадстаўляецца работнікам камунальнай службы, ЖЭУ, гаргазу, просіць адчыніць дзверы. У двух выпадках яна прасіла праверыць выцяжку, а ў адным выпадку пацярпелая жыхарка кватэры нават не спытала жанчыну, хто яна і адкуль. Затым у кватэру ўрываюцца двое мужчын у масках і з прымяненнем гвалту крадуць каштоўнасці – грошы, залатыя вырабы, апаратуру. Аб гэтым учора паведаміў начальнік крымінальнай міліцыі УУС Віцебскага аблвыканкама Валерый Самавараў.
У сувязі з гэтым ён звярнуўся да жыхароў Віцебска і вобласці з просьбай праяўляць меры перасцярогі. “Звяртайце ўвагу на незнаёмцаў, якія спрабуюць увайсці ў ваш пад’езд ці кватэры і прадстаўляюцца работнікамі камунальных, сацыяльных служб і іншых установаў. Не адчыняйце кодавую дзвер пад’езда па званку ў дамафон незнаёмых людзей. Перад тым, як адчыніць дзвер кватэры незнаёмцу, патрабуйце дакументы, нумар тэлефона і стэлефануйцеся з арганізацыяй, якую ён прадстаўляе. Калі вы ўбачылі ў пад’ездзе падазроных людзей, якія спрабавалі прабрацца ў вашу кватэру, не марудзячы тэлефануйце ў міліцыю”, – папярэдзіў В.Самавараў.
Прыкметы злачынцаў:
Жанчына на выгляд 30 гадоў, рост 160-165 см, сярэдняга целаскладу, можа быць апранута ў паліто сіне-зялёнага або карычневага колеру, шэрую спадніцу, на галаве вязаная шапка цёмнага колеру, можа быць у акулярах.
Мужчына на выгляд 30-35 гадоў, сярэдняга росту і целаскладу, можа быць апрануты ў куртку чорнага колеру, чорныя штаны, берцы на падэшве з грубым пратэктарам.
Мужчына на выгляд 30 гадоў, сярэдняга росту і целаскладу, можа быць апрануты ў куртку скураную цёмнага колеру, штаны цёмнага колеру, туфлі або бацінкі з вострымі насамі чорнага колеру.