Прыхільнікі творчасці Караткевiча адправіліся ў водную экспедыцыю па Дняпры
Гэтымі днямі па Дняпры праходзіць цікавая вандроўка – водная эскпедыцыя “З Уладзiмiрам Караткевiчам ад Оршы да Рагачова”, прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння знакамітага літаратара. І хоць юбілей будзе святкавацца толькі ў лістападзе, напэўна, Караткевіч, адзін з самых рамантычных пісьменнікаў сучаснасці, быў бы вельмі ўсцешаны з такой ініцыятывы аршанскіх прыхільнікаў сваёй творчасці.
А пакарыць славуты Дняпро яны вырашылі… на катамаранах. За шэсць дзён (экспедыцыя рушыла з Оршы ўчора) удзельнікам акцыі трэба пераадолець 230 кіламетраў з прыпынкамі ў Ляўках, Магілёве, Баркалабаве, Быхаве і Рагачове. У кожным з гэтых населеных пунктаў вандроўнікі праводзяць літаратурныя сустрэчы з мясцовай творчай інтэлігенцыяй і моладдзю.