У Пскове адчыніцца цэнтр беларускай кнігі
14 красавіка ў межах Міжнароднага кніжнага форума “Русский Запад” у Пскове адчыніцца Цэнтр беларускай кнігі, паведамляе pskov.ru. На адкрыцці будуць прысутнічаць прадстаўнікі Віцебскай абласной друкарні, Віцебскай абласной бібліятэкі, а таксама беларускай дыяспары Пскова.
Кнігі на беларускай мове для цэнтра перадасць Віцебская абласная друкарня ў межах партнёрскіх сувязяў паміж Віцебскам і Псковам.
Таксама ў гэты дзень адбудзецца прэзентацыя выставы “Зямля пад белымі крыламі”, якую падрыхтавала Пскоўская абласная універсальная навуковая бібліятэка. Экспазіцыя будзе складацца з кніг на рускай і беларускай мове, якія распавядаюць пра Беларусь: фотальбомы беларускіх гарадоў, гістарычныя выданні, кнігі пра культуру і геаграфію нашай краіны. Асобая ўвага будзе нададзена Віцебску — партнёру Пскова. Пачэснае месца зоймуць творы беларускіх класікаў: Петруся Броўкі. Васіля Быкава, Якуба Коласа, Янкі Купалы і шэрага іншых пісьменнікаў.