У аршанскую турму ўпершыню прыехалі прафесійныя артысты
У папраўчай калоніі №8 Оршы адбыўся паказ спектакля “Белы анёл з чорнымi крыламi”. Пастаноўку, якая распавядае пра радасць і гора, пошукі душэўнага цяпла, выбар свайго лёсу, прывезлі ў турму акцёры Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.
Дэманстрацыя спектакля ў ПК-8 стала сотай для гэтага калектыву. Аднак перад такой спецыфічнай аўдыторыяй ён выступаў упершыню.
“Любое духоўнае ўздзеянне на асуджаных я ўхваляю. Пятнаццаць гадоў служу тут, але ўпершыню да нас прыехаў прафесійны тэатр. Вядома, мы прыцягваем мастацтва на службу духоўнага выхавання: фільмы паказваем, не толькі царкоўныя, проста добрыя фільмы, без крыві і боек, як цяпер модна. Хацелася б, каб гледачы выносілі з сабой часцінку цяпла тых, хто на сцэне. Зразумела, што адным спектаклем мы душу на святло не выведзем. Але з Божай дапамогай будзем спрабаваць зрабіць так, каб у гэтых людзей з'явілася жаданне жыць па-сапраўднаму”, – прыводзіць БелТА меркаванне настаяцеля турэмнага храма айца Аляксандра.
Візіт сталічных акцёраў у аршанскую калонію адбыўся ў межах рэалізацыі гранта Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, сухотамі і малярыяй, што выконваецца Праграмай развіцця ААН у супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі
Плануецца, што гэты ж спектакль пакажуць і ў папраўчай калоніі №21 у Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці.