Чалавек-камень з Відзаў
У гарадзкім пасёлку Відзы, што на Браслаўшчыне, у шасьці кілямэтрах ад беларуска-літоўскай мяжы, жыве найстарэйшы ў Беларусі майстар-каменячос Мечыслаў Бэйнэр. Цяпер яму 70 гадоў. 40 зь іх вырабляе адмысловы скульптуры. У Відзах дый, увогуле, на Браслаўшчыне пра дзядзьку Мечыслава ведае кожны. Ягоныя творы літаральна перад вачыма. Па дарозе на Браслаў зь Відзаў – каменны мядзьведзь. Ад Браслава на Менск – вагай у дзевяць тон волат-конь. У цэнтры Відзаў – прыгажуня-дзяўчына. А ля бібліятэкі – сымбалічны камень-галава ў шляпе.
Бібліятэкарка ды краязнаўца Тацьцяна Пляшывава узгадвае:
“Гадоў 10 таму такая гісторыя. Нам давалі ўчасткі з буракамі, і мы апрацоўвалі іх матыкамі. Гляджу, Бэйнэр бярэ плужок. Глядзеўся ён, як Ільля Мурамец. Зь яго тады толькі карціну маляваць. Час прайшоў, падкасіў – адзін жыве...”
Перада мной сівабароды, з вялікімі вісячымі вусамі, каржакаваты стары. Кажа, што побач з хатай гаючая крыніца, чыя вадзіца яму ўсё жыцьцё сілы дае. Спадар Бэйнэр апавядае пра адмысловую, як і ягоныя творы, гісторыю свайго захапленьня, пра сакрэты творчасьці: “Зьявіліся ў мяне тоўстыя такія зубілы-адкольнікі. Дык трэба ж неяк прымяніць. Сьпярша з дрэва скульптуру зрабіў, а пасьля да каменя інтарэс зьявіўся. А пэнсія – 180 тысяч. Жыцьцё цяжкае, як Саюз разваліўся...”
Сярод палітыкаў, акрамя Лукашэнкі, называе Зянона Пазьняка. У 1994 годзе яны набралі ў Відзах амаль нароўні галасоў. Цяпер у гаспадара сядзібы тэлевізара няма, радыё не працуе. Абстаноўка спартанская – стол, шафа, інструмэнты. Ізноў пра ягоную, зусім не халодную як камень, жарсьць. Запытваю ў майстра: “Вось вы зараз ільва робіце. Да цара зьвяроў асаблівая прыязнасьць?” “Так”, – адказвае. І тлумачыць: “У Піцеры ёсьць ільвы – я ехаў у Карэлію на вярбоўку. Цікава – сядзяць, як чалавек, лапа за лапу. Палюбіліся. Між іншым, два палкоўніка і купілі за 400 тысяч беларускіх. Зараз жабу зрабіў – ільва лепей (сьмяецца)”.
Далей цікаўлюся: “Вы самі эскізы робіце, альбо па памяці?” “Па памяці, не малюю. Мне камяні на машыне прывозілі – 35 тысяч заплаціў. Экскаватар маленькі, што гной грузіць, загрузіў і прывезьлі пяць камушкаў. У мяне за 40 гадоў пяць зубілаў памянялася. Рукі ад малатка заходзяцца, нават скуры не адчуваеш. Ад мармуру – мякчэй, а беларускі камень цяжкі...”
Былы лесаруб ды вартаўнік любіць ранак. “Канешне, як рана пачнеш, добра. Калі сонца сьвеціць, дык ясна ўсё бачна на камяні...”
Віталь Сямашка, Радыё Свабода.