У Віцебску не хапае талковых архітэктараў?
“Сёння ў нашым горадзе адчуваецца недахоп спецыялістаў з добрай архітэктурнай школай”, – адзначыў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Віктар Пятруша. Такое меркаванне, як паведамляе адна з абласных газет, ён выказаў на прэзентацыі выставы праектаў пераможцаў міжнароднага конкурсу маладых архітэктараў “Леанарда-2005”. Гэту цікавую экспазіцыю можна ўбачыць у абласной філармоніі.
Са словамі чыноўніка пагадзіцца цяжка. Хутчэй за ўсё, добрыя архітэктары – маладыя ці сталыя – у Віцебску ёсць. Толькі хто ж дасць ім “зялёнае святло” і благаславенне на працу? Чамусьці ў нас часта здараецца так, што сапраўдных талентаў не бачна (як правіла, гэта сціплыя, фанатычна адданыя працы асобы, якія не ўмеюць “прасоўваць” свае творы). А людзі, не надзеленыя асаблівымі здольнасцямі, затое цудоўна авалодалі мастацтвам спадабацца начальству, якое і вырашае, чый праект адобрыць.
...Цікава, а што б сказаў Леанарда да Вінчы, каб пабачыў праект “піраміды”, якую збіраюцца ўсталяваць каля “сіняга дома” у Віцебску?! У выглядзе такой геаметрычнай фігуры плануюць пабудаваць гандлёва-выставачны комплекс, заказчыкам якога выступае прадпрыемства “Марка”. Як вы лічыце, ці да твару нашаму ціхаму, правінцыяльна прыветнаму, але, што не кажы, еўрапейскаму Віцебску такі “егіпецкі” гмах?
Што тычыцца “Леанарда-2005”, то ў ім удзельнічалі 130 аўтараў з 14 краін. Прадстаўленая ў філармоніі выстава ўжо пабывала ў Маскве, Мінску, Брэсце і нават Фларэнцыі.
Сёлета ў верасні ў Мінску адбудзецца другі міжнародны конкурс “Леанарда-2007” (арганізатары вырашылі праводзіць яго раз на два гады). У ім, натуральна, могуць удзельнічаць і маладыя архітэктары з Віцебска. Можа, хтосьці і трапіць у лік пераможцаў. Бо не можа ж такога быць, каб наш слынны горад даваў свету толькі таленавітых мастакоў...