“Мядзведзі” прыпаднеслі аматарам нечаканы сюрпрыз
Сыход з “Віцебска” ў сярэдзіне гэтага тыдня лепшага бамбардзіра Аляксея Ярашова, капітана Васіля Паланіцкага і брамніка Арунаса Алейнікаваса не ўсяляў аптымізма перад матчам з “Сокалам”. Але гэты паядынак завяршыўся буйной вікторыяй віцяблян. Вынік 6:2 вымушае задумацца: што гэта было? Цуд ці выдатная гульня нашых землякоў?
Прызнацца шчыра, на першую трэць матча не патрапіў. А як прыйшоў і глянуў на табло, вельмі здзівіўся – 5:0, лідзіруем! Калі такое было? Хацелася працяга такой гульні!
Другі перыяд быў насычаны цікавымі вострымі момантамі каля абедзвюх брам. Але чырвонае святло запалілася толькі аднойчы. На 27-й хвіліне віцябляне атрымалі права на рэалізацыю двух лішніх хакеістаў. Кіеўскія гульцы пратрымаліся больш за хвіліну. Павел Волчак кідком сходу пасля перадачы Дзяніса Караткевіча ўздоўж плацоўкі адправіў шайбу ў вароты.
Хвілін праз пяць ужо госці мелі аналагічную перавагу. Раман Сальнікаў пасля перадачы Вячаслава Цімчанкі не трапляе ў пустыя вароты “Віцебска”.
Вельмі цяжка прыйшлося нашым хлопцам у першай палове апошняй чвэрці. Практычна дзевяць хвілін запар гулялі ў меншасці. Быў момант, калі секунд 30 баранілі сваю браму і ўтрох. У тыя цяжкія хвіліны не раз зрывала апладысменты самаахвярная гульня новага брамніка “Віцебска” Андрэя Петухова. Але падчас кідка Вадзіма Шахрайчука Андрэй не паспеў сваечасова перамясціцца ў незакрыты вугал, і шайба ўляцела ў вароты.
Адна прапушчаная шайба за такі велізарны час не сапсавала настрой на трыбунах. За выдатную гульню ў меншасці заўзятары падзякавалі сваіх любімцаў воклічам “Малайцы!” Другая шайба пабывала ў нашых варотах за 10 секунд да фінальнай сірэны. Аднак, шайба Сяргея Кліменц’ева, закінутая практычна ад сіняй лініі, нічога не вырашала.