Наваполацкая студэнтка будзе заўжды на сувязі
У Полацкім дзяржаўным універсітэце (ПДУ) скончыўся конкурс на стварэнне скульптуры студэнткі. Гэта будзе сучасная дзяўчына з мабільнікам і падручнікам у руках. Усталяваць бронзавую “студэнтку, прыгажуню, актывістку” плануюць на пачатку наступнага навучальнага года ў фае галоўнага корпуса ўніверсітэта.
Нагадаем, што ў кастрычніку ў Полацку ў двары былога кадэцкага корпуса, а цяпер будынка, дзе размяшчаюцца гісторыка-філалагічны факультэт і факультэт інфармацыйных тэхналогій ПДУ, паставілі помнік сярэднявечнаму шкаляру. Цяпер у Наваполацку з’явіцца ягоная сяброўка.
У конкурсе на лепшы праект скульптуры ўдзельнічала шэсць работ. У выніку большасць галасоў журы, у склад якога ўваходзілі члены Саюза мастакоў Беларусі, атрымала студэнтка з мабільнікам і кнігай. Некаторыя аўтары ўяўлялі сабе сучасную прадстаўніцу студэнцва з ноўтбукам, але гэта ідэя падалася журы банальнай.