1 чэрвеня віцебскія дзеці акупавалі фантаны
У Віцебску 1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, градская дзятва ратавалася ад спёкі ў фантанах на плошчы Перамогі.
Ртутны слупок тэрмометра ў гэты дзень у 15:00 сягнуў 28 градусаў па Цэльсію. Бязлітаснае сонца так нагрэла плітку і граніт плошчы, што можна было атрымаць апёк. Віцебскія дзеці, каб не засмажыцца, кінуліся ў фантаны.
Бацькі спакойна адносіліся да купання ў непрызначаным для гэтага месцы, стараліся не заўважаць купальшчыкаў і мілцыянты. Толькі адзін з супрацоўнікаў паведаміў, што ў мінулым годзе 18 чалавек пацярпелі ад удараў токам у гарадскіх фантанах.
Знайшлося прымяненне й вечнаму агню — там вынаходлівая дзятва абсталявала “сушылку”.