“За свабоду думкі” Някляеў атрымаў прэмію, а не чарговы тэрмін
На гэтых выходных увесь літаратурны свет адзначаў Дзень Нараджэння вялікага беларускага пісьменніка Васіля Быкава. Яму споўнілася б 87 гадоў. У памяць народнага пісьменнніка на яго малой Радзіме 19 чэрвеня ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна прайшло ўрачыстае ўручэнне прэміі “За свабоду думкі”.
Гэта цырымонія збірае сваю інтэлігентную публіку ўжо ў чацвёрты раз. Дарэчы, стварылі яе па прыкладу прэміі “За свабоду” імя Сахарава, якую ў 2006 годзе атрымаў Александр Мілінкевіч. Ганаровую статуэтку атрымліваюць тыя, хто, па меркаванні журы, яскрава праявіў сябе ў грамадскай, прафесійнай і творчай дзейнасці на карысць Беларусі і Свабоды.
У гэтым годзе лаўрэатам прэміі стаў паэт, грамадскі дзеяч, палітык Уладзімір Някляеў. Ён распавёў пра сваё сяброўства з Быкавым, і пра тое, як прайшла іх апошняя сустрэча: “Я купіў кветкі і прыехаў да Быкава ў шпіталь, неякавата таптаўся ў калідоры, перад тым як ўвайсці ў палату, і з жахам думаў, як я выйду адтуль, з якімі словамі. Гэту размову я запомню на ўсё жыццё, ён сказаў: “Ведаеш што, Валодзя, ў гэтым жыцці чалавёку трэба: адно само жыццё, адна жанчына і адна кветка!” Васіль Уладзіміравіч не патрабаваў шмат, ён жадаў напоўніць сапраўдным жыццём сваё існаванне. Ён дзеля гэтага жыў, дзеля гэтага пісаў. Зараз ўсё больш адчуваецца недахоп нават не літаратурнага Быкава, а духоўнага. Эканоміку мы адбудуем, гэта не праблема. А вось што мы будзем рабіць з тым пакаленнем, якое адвучана ад беларускасці, якое не ведае столькі слоў па-беларуску, каб разумець самыя простыя сказы, не тое, што быкаўскую прозу. Гэту праблему лукашызм стварыў нам надоўга, але і яе мы вырашым. Быкаў мне неяк сказаў, што мы не паспелі патрапіць у еўрапейскі цягнік, а паколькі ў азіяцкі нас не пусцяць, мы будзем неяк бегчы па сваёй вузкакалейцы ў сваім накірунку, але гэта ў тым выпадку, калі мы распрацуем свой уласны цягніг пад сваю дарогу!”
Павіншавала Уладзіміра Някляева і родная сястра Быкава - Валянціна Уладзіміраўна, якая з’явілася на цырымоніі ў якасці ганаровага госця.
Упершыню прэмія “За свабоду думкі” была прысуджана Рыгору Барадуліну ў 2008 годзе. У той час яе лаўрэатамі сталі таксама Уладзімір Арлоў і Павел Севярынец. У 2009 ганаровую статуэтку атрымаў мастак Алесь Пушкін. У прошлым годзе ўзнагароду атрымала Ада Райчонак, актывістка з Шаркаўшчынскага раёна, арганізатар шматлікіх мастацкіх пленэраў, стваральнік некалькіх музеяў і заснавальніца Цэнтра імя Язэпа Драздовіча.