Кантрасты заходнебеларускай вёскі
У вёсцы Парфенава на Докшыччыне 5 жніўня адбудуцца сьвятарскія пасьвячэньні – два дыяканы атрымаюць сакрамант сьвятарства і стануць ксяндзамі. На урачыстасьці будуць прысутнічаць біскуп Уладзіслаў Блін ды апостальскі нунцый Марцін Відавіч.
Каталіцкія вернікі з Парфенава і навакольных вёсак цягам апошніх дзён рыхтуюцца да ўрачыстасьці: упрыгожваюць касьцёл знутры і звонку, дзеці надзімаюць паветраныя шарыкі і вывешваюць па-над сцэнай на дварэ, дзе будзе адбывацца канцэрт мясцовых школьнікаў ды папулярнага сярод каталіцкай моладзі полацкага гурта “Кадаш”. Вернікі ставяцца да сваёй справы з вялікай адказнасьцю: трэба ж прыкласьці ўсе намаганьні, каб пасьля ня было сорамна за выгляд свайго касьцёла.
А за метраў пяцьдзясят ад касьцёла стаіць вясковая прадуктовая крама. Каля яе на лаўцы – купка людзей, якіх маючая адбыцца ўрачыстасьць асабліва ня цікавіць. Дый ці ведаюць яны, што мае адбыцца? Некаторых зь іх я добра ведаю. Падыходжу. Адзін пытаецца: - “Як жыцьцё? – “Нармальна”. – “Ці паступіў?” – “Так, ва ўнівэрсытэт.” – “Колькі год вучыцца?” – “Пяць год.” – “Дык гэта ж п..ец, колькі часу мазгі я..ць!” Больш размаўляць ужо няма аб чым. Да крамы падыходзіць адна мясцовая жанчына. Адзін жыхар голасна вітае яе словамі, якія выразна паказваюць адносіны гэтых людзей да слабой паловы чалавецтва: “Здароў, Маруся! Стань ракам – я упруся!”. Тая буркнула: “Лепей я з сабакам павітаюся, чым з вамі”, ды нахілілася да сабакі, што падбег да яе ног. Уся кампанія засьмяялася ды працягвала аб нечым гаманіць, шчодра сыплючы адборным матам…
З сумам падумалася: усе людзі – і тыя, што шчыравалі ў касьцёле, і тыя, што сядзелі каля крамы, - нарадзіліся ў адной і той вёсцы, хадзілі ў адну і тую школу, працавалі на той жа зямлі. А вось жа якая розьніца. Чаму нехта думае пра тое, што трэба маліцца Богу, што трэба добра падрыхтаваць урачыстасьць, а ў некага ў галаве адно пытаньне: дзе ўзяць грошы на выпіўку?