“Ганна” не перайграла “Гомель”
Да апошняй хвіліны матча было не зразумела, як завяршыцца гэты паядынак – перамогай адной з каманд ці нічыёй.
На пачатку сустрэчы ў дзеяннях віцебскіх гандбалістак назіралася часовая разгубленасць. Аднак яны здолелі пазбавіцца ад яе і далі годны адпор суперніцам. Выдатная гульня гомельскай варатаркі не раз пазбаўляла гаспадынь паркету магчымасці рэалізаваць свае галявыя магчымасці.
Добрая гульня ў абароне і хуткія адказы на старце другога тайма дазволілі гамяльчанкам выйсці наперад у тры мячы. Але неўзабаве віцябчанкі зноў усталявали парытэт. І каманды ў чарговы раз пайшлі мяч у мяч. Бліжэй да фінішу нашы зямлячкі валодалі перавагай ў некалькі мячоў, але не ўтрымалі лідарства і саступілі ў два мячы (26:28).
Наступную сустрэчу “Віцебск-Ганна” правядзе ў гэтую суботу на выяздзе з нязменным чэмпіёнам – “БНТУ”. Жадаем поспехаў нашым дамам у гэтым нялёгкім паядынку!