У віцебскай ратушы гасцюе Мельпамена

У якім паліто амаль паўстагоддзя таму выходзіў на сцэну легендарны Фёдар Шмакаў у ролі Леніна? Што за сумачку падарыла народнай артыстцы Беларусі Святлане Акружной яе амерыканская прыхільніца? Якая кветка была намалявана на першай эмблеме віцебскага тэатра? На чым “коласаўцы” ездзілі на гастролі ў 1920-я гады? Аб гэтым нашы чытачы даведаюцца, калі наведаюць выставу «Тэатр гаворыць пра сябе…» у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі. Экспазіцыя адчынілася да 85-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.
У віцебскай ратушы гасцюе Мельпамена. Фота Яны Ільіной

Нагадаем, што гэта адзіны тэатр у абласных цэнтрах краіны, які мае годнасць звання Нацыянальнага. І таму на выставе ў гонар юбілею тэатра ўсё прасякнута беларускім духам. Нават рускія назвы спектакляў на старых афішах…

У віцебскай ратушы гасцюе Мельпамена. Фота Яны Ільіной

“Тэатр – гэта жывы творчы арганізм, і яго можна ўявіць, як жыццё чалавека сталага ўзросту. Ідэя экспазіцыі нарадзілася з уяўлення: гэты “сталы чалавек” сядзіць і гартае старонкі з альбому свайго жыцця і ўзгадвае падзеі напрацягу 85-ці год. Фотаздымкі ў альбоме розныя: і вялікія, і маленькія, і пажоўклыя ад часу, і новыя, каляровыя, зробленыя з дапамогай сучаснай тэхнікі”, – распачынае для мяне экскурсію аўтар канцэпцыі выставы, старшы навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея Святлана Казлова.

У віцебскай ратушы гасцюе Мельпамена. Фота Яны Ільіной

Дзень нараджэння тэатра – 21 лістапада 1926 года. Цікава, ці ёсць у Віцебску старажылы, якія памятаюць, як адкрыўся Беларускі Дзяржаўны тэатр Другі (так тады называўся наш драмтэатр)? Выстава распавядае пра асноўныя падзеі ў жыцці “коласаўцаў” за гэтыя 85 гадоў.

У віцебскай ратушы гасцюе Мельпамена. Фота Яны Ільіной

Зараз на эмблеме тэатра – партрэт Якуба Коласа. А раней быў васілёк. Аказваецца, ў сімвала “Славянскага базару” быў папярэднік! А вось гэты сціплы аркуш – самая першая афіша тэатра, якая запрашала гледачоў на народную драму “Цар Максіміліян”, што паставіў у БДТ-2 рэжысёр В.Смышляеў. А вось агульны здымак першай трупы. На ім маладая і зорна прыгожая Стэфанія Станюта – жанчына-легенда беларускага тэатра, якая свой шлях у мастацтва пачынала якраз у Віцебску. Наступны здымак – сведка гастроляў тэатра ў канцы 1920-х гадоў. Артысты тады ездзілі да сваіх гледачоў… на павозцы. Між іншым, і конік, што цягнуў тую каламажку, быў нейкі тэатральны, з харызмай.

У віцебскай ратушы гасцюе Мельпамена. Фота Яны Ільіной

Пра амаль стагоддзе служэння Мельпамене распавядаюць і рэчы. Пісьмовы прыбор і туалетны столік, якімі карыстаўся народны артыст СССР Аляксандр Ільінскі. На століку амаль сцёрся малюнак – кветкі. Колькі раз Ільінскі абапіраўся на гэты столік, а можа, і ўскладаў на яго букеты ад гледачоў? А ў гэтым цёмна-сінім паліто Фёдар Шмакаў іграў правадыра пралетарыяту ў спектаклі “Шостае ліпеня”. Гэтыя “лапці ды аборы” – касцюм Жабрака, ролю якога ўвасобіў у пастаноўцы “Сымон-музыка” народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Тадэвуш Кокштыс. Крыху далей – убранне каралевы Елізаветы, у якім ззяла на сцэне народная артыстка Беларусі Зінаіда Канапелька ў спектаклі “Марыя Сцюарт”.

У віцебскай ратушы гасцюе Мельпамена. Фота Яны Ільіной

Ну і, канешне, самае пачэснае месца, нібы ў хаце святыя абразы, на выставе займае “куточак Несцеркі”. Тут кашуля-вышыванка, у якой Шмакаў іграў гэтага вясёлага персанажа, афішы і фотаздымкі са спектакля, што ідзе на коласаўскай сцэне з 1941 года і даўно стаў візітнай карткай віцебскага тэатра.

Ёсць на выставе і нешта накшталт “дамскага салона” Святланы Акружной – народнай артысткі Беларусі, лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне», уладальніцы прыза Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крышталёвая Паўлінка». Дзякуючы ініцыятыве Акружной і з’явілася на свет экспазіцыя «Тэатр гаворыць пра сябе…». Тут можна ўбачыць сукенкі, у якіх Святлана Арцёмаўна зрывала апладысменты ў “Кацярыне Іванаўне”, “Утаймаванні наравістай” і “Чорнай нявесце”. І нават мініяцюрную, толькі ў далоньку, вышытую бісерам сумачку, якую артыстка атрымала ад сваёй амерыканскай прыхільніцы.

…Здаецца, што ўсе гэтыя касцюмы прыцярушыў залаты пыл часу. І ён ззяе-блішчыць, нібыта вялікі талент артыстаў, якім належаць гэтыя рэчы. “Тэатр прышоў у ратушу і прынёс сюды часцінку сваёй таямнічасці, якую мы разгадваем і ніяк не можам разгадаць. І таму зноў і зноў ідзем у тэатр…” – кажа Святлана Казлова.

Акрамя яе, над экспазіцыяй працавалі мастакі Сяргей Баркуноў, Аляксандр Грамыка і загадчыца экспазіцыйнага аддзела краязнаўчага музея Надзея Варламава.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ