На Крапівенскім полі – масавыя затрыманні
Як паведамілі «ННВ» з Крапівенскага поля пад Воршай, дзе сёння павінен быў пачацца традыцыйны фестываль аўтарскай песні і паэзіі, супрацоўнікі міліцыі затрымалі каля 40 чалавек, якія прыехалі сюды, каб паслухаць беларускіх бардаў. Сярод затрыманых вядомы мастак Алесь Пушкін і адзін з арганізатараў свята, аршанскі краязнаўца Юрась Копцік, а таксама сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакрытыя» Дзяніс Садоўскі і шмат маладафронтаўцаў. На Крапівенскае поле
Нагадаем, што з вечара 7 верасня міліцыянты ачапілі падыходы да Крапівенскага поля. Як тлумачаць супрацоўнікі праваахоўных органаў, у Дняпры, там, дзе ў яго ўпадае рэчка Крапівенка, шукаюць боепрыпасы. Маладыя людзі, якія прыехалі на свята, распавялі, што рэйсавы аўтобус з Воршы нават не спыняўся ў вёсцы каля Крапівенскага поля, а праязджаў далей. Але людзі на месцы правядзення фэсту тым не менш збіраюцца невялікім групамі.
Мастака Алеся Пушкіна супрацоўнікі ДАІ затрымалі на падыходах да поля беларускай вайсковай славы. Мастак пачаў іграць на гітары і спяваць на дарозе, на тым месцы, дзе яго спынілі міліцыянты, і сабраў такім чынам натоўп людзей.