Cуд над Каваленкам. Дзень другі: бел-чырвона-белы сцяг прама ў судовай зале
Сям’я Каваленкаў працягвае здзіўляць віцебскіх міліцыянтаў, суд, Еўропу і ўвесь цывілізаваны свет. На гэты раз гераіняй дня стала жонка падсуднага Алена Каваленка. Калі ўчора суд Першамайскага раёна ўпершыню ўбачыў чалавека, косці якога абцягнуты скурай, як у вязня Асвенцыму, то сёння гэты будынак Феміды ўпершыню ўбачыў жанчыну з вялікім бел-чырвона-белым сцягам на плячах прама ў зале для судовых пасяджэнняў.
Міронава жонка
Алена Каваленка зайшла ў судовую залу хвілін за пяць перад тым, як з’явілася суддзя. На руках яна трымала васьмімесячную дачушку Віку. Яшчэ падумалася: прынесла дзіця або адмыслова, каб бацька пабачыў, або няма з кім пакінуць дома. Дзяўчынка ў ружовай шапачцы надзіва спакойна сядзела на руках ў маці. А ўсе прысутныя жанчыны цешыліся, гледзячы на мілы дзіцячы тварык.
І тут усчалося! Як толькі ў зал зайшла суддзя Алена Жук, жонка Каваленкі дастала вялікі бел-чырвона-белы сцяг і накінула яго сабе на плечы. Потым разгарнула плакат з надпісам: “Свабоду беларусу Сяргею Каваленку!” Суддзя адразу ж пакінула зал.
Тут жа да жонкі Каваленкі падскочылі міліцыянты і акружылі. Адзін з іх забраў сцяг. Астатнія сілком спрабавалі вывесці жанчыну з залы. Дзіця заплакала. Жонку Каваленкі сталі бараніць прысутныя – Таццяна Севярынец, Леанід Свецік, Павел Левінаў. Сама Алена абаранялася крыкам: “Я жанчына з дзіцем, я кармячая маці! Не чапайце мяне!”
Сам Сяргей Каваленка прыпадняўся ў сваёй “клетцы” на лаву і назіраў адтуль, што адбываецца вакол жонкі з дзіцем. Ён маўчаў, але ягоны выраз твару быў больш чым красамоўным. Яму хутка начапілі кайданкі і вывелі.
У зале ў гэты момант было 11 міліцыянераў. Зразумеўшы, што вывесці жонку Каваленкі ў іх не атрымаецца, яны сталі загадваць пакінуць зал усім, хто там знаходзіцца. Людзі не падпарадкаваліся. Стаяў страшэнны вэрхал, лямант. Грамчэй за ўсіх крычала маці Каваленкі: “Ізвергі! Фашысты! Вы спужалі дзіця, яно плача! А што вы зрабілі з маім сынам? Пра гэта ўжо ўзнаў ўвесь свет! І весь свет ужаснуўся! Мне ўчора тэлефануе Польшча, мне тэлефануе Літва. А зараз я, Лідзія Каваленка, заяўляю: мы не просім не яды, не адзежы, мы просім – дайце нам нармальнага, чэснага прэзідэнта!” Жонку Каваленкі ў гэты час ад міліцыянераў засланіла спіной маці Паўла Севярынца.
Было відавочна, што міліцыя разгубілася. Туды-сюды бегаў маёр, начальнік канвою. Раз-пораз ён загадваў народу: “Выйдите все из зала! Это распоряжение судьи». Яму ў адказ крычалі: “Дзе ваша суддзя! Прывядзіце яе сюды, няхай аб гэтым сама заявіць! Гэта не базар-вакзал, і вы нам тут не ўказ. Тут галоўная суддзя, а не вы!” Быў момант, калі маёр зусім выйшаў з сябе: “Будет применена физическая сила”. У зал стаў заходзіць АМАП.
Вэрхал працягваўся не менш як чвэрць гадзіны. У 14.20. нарэшце з’явіўся чалавек, які знайшоў разумны кампраміс у гэтым супрацьстаянні міліцыі і народу. Гэта быў палкоўнік Іваноў, намеснік начальніка аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС аблвыканкама. Аднак і ён не адразу навёў парадак. “Так, пусть сотрудники пока здесь стоят. И пусть судью приведут”, – ціха сказаў ён аднаму са сваіх падначаленых. Аднак Алена Жук да разгневанага народу так і не выйшла. У 14.26. у зал зайшоў начальнік канвою і загадаў выйсці з залы АМАПу і міліцыянтам. Усе яны пацягнуліся на выхад, засталіся толькі двое – каля пустой “клеткі”.
У зал зайшоў праваабаронца Павел Левінаў і паведаміў навіну: судовае пасяджэнне будзе працягвацца ўжо ў іншым памяшканні – з залы №8 яно пераносіцца ў залу №6. Яна нашмат меншая, і на лавах там змяшчаецца 22 слухачы.
Каваленку чыталі лекцыі аб шкодзе галадання
На ўваходзе ў зал №6 быў вельмі пільны дагляд. Усе “Славянскія базары” разам узятыя адпачываюць: ніколі маю сумку і рэчы так уважліва не пераглядалі. З журналістаў сюды напачатку прапусцілі толькі мяне. Бо ў мяне была толькі ручка і нататнік. А галоўнаму рэдактару “ННВ” Сержуку Серабро і рэпарцёрам “Радыё Свабода” адмовілі з прычыны таго, што ў іх былі фотаапараты, ноўтбукі і дыктафоны. Калі так пойдзе, то людзям нашай прафесіі ў нашай краіне хутка давядзецца навучыцца працаваць па памяці, нават без алоўка ці ручкі – толькі вушамі ды вачыма.
На змучаным твары Сяргея ці не ўпершыню з’явілася ўсмешка – ён быў відавочна ўсцешаны, што ў зал трапіў хоць адзін карэспандэнт. (Праўда, праз некаторы час у міліцыянтаў хапіла розуму пусціць на пасяджэнне яшчэ аднаго журналіста – з “Радыё Свабода”. Узяўшы з яго абяцанне, што ён не будзе карыстацца ноўтбукам).
Пасля гісторыі са сцягам пасяджэнне працягнулася праз амаль гадзіну – у 14.50. Суддзя зачытала заключэнне, якое падпісаў начальнік медсанчасткі СІЗА-2 Шчарбакоў. На беларускую мову яго пераклаў выкладчык ВДУ імя П.Машэрава Сяргей Міхайлаў (прыводзім гэты дакумент цалкам):
“Дыягназ: асабістая рэакцыя, адмова ад харчавання, дэманстратыўна-шантажныя паводзіны. З моманту знаходжання ў СІЗА Каваленка знаходзіцца пад пастаянным медыцынскім наглядам у сувязі з добраахвотнай адмовай ад прыёму ежы. Штодзённа аглядаецца ўрачамі-спецыялістамі і начальнікам медыцынскай часткі СІЗА-2. Праводзяцца штодзённыя гутаркі адносна шкоды галадання. Улічваючы стан здароўя ў сувязі з адмовай ад прыняцця ежы, з асабістай згоды Каваленкі 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14 і 15 студзеня 2012 года яму праводзілася ўнутрывеннае ўвядзенне харчовых раствораў. З 16 студзеня па 7 лютага 2012 года ў распараджэнні медыцынскай часткі Каваленка самастойна і без прымусу адзін раз у дзень прымаў ежу – 1-ю страву, 2-ю страву і кісель. Аб гэтым складаліся адпаведныя дакументы. Каваленку праводзіўся лабараторны агляд. Агульны аналіз крыві і аналіз мачы – 10, 25 студзеня, 15 лютага; электракардыяграма – 10 лютага. Ад правядзення біяхімічнага аналізу крыві 17 лютага Каваленка адмовіўся. З 8 лютага па сённяшні час Каваленка ад прыёму ежы, ад медыцынскай дапамогі і правядзення лабараторнага маніторынгу стану здароўя ў катэгарычнай форме адмаўляецца. Супрацоўнікамі медыцынскай часткі штодзённа праводзяцца візуальны агляд Каваленкі і кантроль артырыяльнага ціску, псіхакарэкцыённыя гутаркі аб шкодзе наступстваў галадання.
17 лютага Каваленка агледжаны ўрачом-тэрапеўтам паліклінікі медслужбы УУС Віцебскага аблвыканкама. Пастаўлены дыягназ: гіпатрафія 1 ступені. Экстраная меддапамога не патрэбна. Ад прапанавай меддапамогі і правядзення лабараторнага абследавання Каваленка адмовіўся. Пісьмова падцвердзіць адмову ў медыцынскай карце не згадзіўся.
20 лютага Каваленка кансультаваны ўрачом-псіхіятрам Віцебскага абласнога цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі - для ўдакладнення дыягназу і з мэтай выключэння выпадку, калі адмова ад прыёму ежы выклікана псіхічным расстройствам, у выніку якога хворы не здольны прыняць свядомае рашэнне, і пры якім неабходна прымусовае харчаванне. Дыягназ: расстройства асобы пад пытаннем, дабравольная адмова ад ежы. Падчас гутаркі вёў сябе з выклікам, дапускаў зневажальныя выразы ў адрас урача, ад прапанаванай меддапамогі катэгарычна адмовіўся.
22 лютага, сёння, у 9.30 Каваленка быў выведзены ў медыцынскую частку для правядзення аб’ектыўнага агляду ўрачамі-спецыялістамі. Начальнікам медыцынскай часткі Шчарбаковым, урачом-тэрапеўтам Юшчанка, урачом-тэрапеўтам Зарубавым лабараторна абследаваны. Агульны аналіз крыві, агульны аналіз мачы, біяхімічны аналіз крыві. Ад правядзення агляду і абследавання, аказання меддапамогі Каваленка ў катэгарычнай форме адмовіўся. Пісьмова падцвердзіць сваю адмову ў медкартцы адмовіўся. На момант агляду Каваленка па стане здароўя можа следаваць на пасяджэнне суда. Дадаткова паведамляем, што Каваленка ад аказання якой-небудзь меддапамогі ад супрацоўнікаў медыцынскай часткі СІЗА-2 адмаўляецца ў катэгарычнай форме. У тым ліку і ад медыцынскай дапамогі супрацоўнікаў іншых медыцынскіх устаноў Міністэрства здравааховы Рэспублікі Беларусь ва ўмовах знаходжання пад вартай у следчым ізалятары. Разам з тым апошні неаднаразова выказваў намеры звярнуцца за неадкладнай меддапамогай у працэсе правядзення судовых пасяджэнняў па сваёй крымінальнай справе з мэтай выезду ва ўстановы аховы здароўя горада Віцебска і атрымання меддапамогі толькі ва ўмовах стацыянара. Начальнік медыцынскай часткі, урач, маёр унутранай службы Шчарбакоў”.
Заслухаўшы гэта заключэнне, Каваленка заявіў суду: “Я буду лячыцца толькі ва ўмовах стацыянару. Бо мне патрэбны нармальны выхад з галадоўкі, а не той, які яны праводзілі – у мяне балеў жывот, галава ад іхняга “выхаду”. Яшчэ: яны мяне запалохвалі, казалі, што зубы выб’юць, што адправяць на “дзявятку”. Гэты Шчарбакоў плакацца стаў, што яго выганяць з органаў, каб я яго пашкадаваў, што ён надта сівы, што яму цяжка жывецца. І каб я пагадзіўся прымаць ежу”.
Каваленка: “Я дрэнна чую і бачу, мне ўвесь час халодна”
Затым Каваленка заявіў наступнае: “Я не магу прымаць удзел у судзе. Бо ў мяне закладзены вушы. Дрэнна бачу – кропкі перад вачыма. Кружыцца галава. Асабліва, калі ўстаю. Увогуле дрэнны стан. Калі я іду, вельмі стамляюся. Не магу падымаць цяжкасці. Забываю словы. Мне пастаянна халодна. Я сплю цалкам у вопратцы. Увогуле, Шчарбакоў мне казаў, што галадоўка ў любым выпадку захоўваецца. У мяне сёння 66-ты дзень галадоўкі. Тое, што яны мяне адзін раз на дзень кармілі… Я ўсё адно не наядаўся, заўсёды хацеў есці. Ды й гэта было няправільнае выйсце з галадоўкі. Яны ўвесь час настойвалі, казалі, што будуць карміць сілай. І я сцвярджаю, што гэта было прымусовае кармленне. Ці з лыжкі кормяць нашага зэка, ці ты сам ясі... І зараз я не давяраю Шчарбакову. Я ўжо аднойчы даверыўся яму, і мне стала намнога горш, нават горш, чым на галадоўцы. Каб выйсці з яе, мне трэба нармальнае стацыянарнае лячэнне”.
Ён даводзіў суддзі: “Я адмаўляюся ад медыцынскай дапамогі ў СІЗА, але не ад медыцынскай дапамогі ўвогуле. Я адмаўляюся ад дробных паслуг, ад падачак, але я згодна ехаць у стацыянар. Ва ўмовах СІЗА мне не могуць аказаць медыцынскай дапамогі. Што там, умовы ёсць? Вы ў камеры былі? Там камеру два разы на дзень прыбіраць трэба! А я скінуў 25 кг, у мяне дыстрафія!”
Адводы суддзі і пракурору
У 15.20 быў абвешчаны перапынак – Каваленка заявіў адвод суддзі Алене Жук. Нібыта тая аказвала ціск на медработнікаў. У гэты самы час да падсуднага сваякі выклікалі “хуткую”.
Суд аднавіўся ў 16.11. Суддзя адхіліла адвод самой сабе. Тады Каваленка паглядзеў на пракурора, тыцнуў пальцам у ягоны бок і з гневам прамовіў:
– Вось гэтаму – адвод!
– Агучце, каму? – кажа суддзя.
– Пракурору. Ён пастаянна супярэчыць і перакручвае ўсё, што я кажу.
У 16.18 суддзя пайшла ў дарадчы пакой – разглядаць адвод пракурору.
Дзяржаўны абвінаваўца Лутаў – бадай, самы загадкавы персанаж судовага працэсу па справе Каваленкі. Ніхто з журналістаў пакуль так і не даведаўся, як яго завуць. Вядомы толькі ініцыялы па-руску – “Д.М.”. Але празвалі яго ў журналісцкім асяроддзі “Нестар Пятровіч” – адзін з калег убачыў у ім падабенства да акцёра Міхаіла Конанава, які іграў у фільме “Большая перемена”. На выгляд дзяржаўны абвінаваўца маладзейшы за Каваленку. У параўнанні з суддзёй і адвакатамі Лутаў размаўляе надта складанай мовай, будуючы з юрыдычных тэрмінаў цэлыя шматпавярховікі. Як толькі перапынак – гэты ўдзельнік працэсу адразу знікае з залы. Бо хто-небудзь пастаянна над ім жартуе і спрабуе даведацца імя.
16.30. Каб адхіліць адвод пракурору Лутаву, суддзі спатрэбілася ўсяго 12 хвілін.
Пасля гэтага Каваленка заявіў хадайніцтва, каб ягоны малодшы брат Віталь быў на судзе абаронцам. Адвакаты з гэтым пагадзіліся, а пракурор сказаў, што гэта супярэчыць Крымінальна-працэсуальнаму кодэксу: брат быў на папярэднім следстве ў якасці сведкі. І зараз не можа быць абаронцам. У 16.35. суддзя зноў пайшла ў дарадчы пакой – вырашаць гэта пытанне.
16.59. Алена Жук аб’явіла, што Віталь Каваленка не можа быць абаронцам у судзе і прывяла той жа довад, што да гэтага і пракурор. У 17.04 яна аб’явіла канец другому дню судовага разбіральніцтва: “З улікам працы канвойнай службы суд працягнецца ў 10.30 23 лютага”.
На развітанне з прысутнымі Каваленка крыкнуў: “Рабіце акцыі пад бел-чырвона-белымі сцягамі!”