Цыгарэты павінны рабіць план для кнігарняў?
Вось ўжо два месяцы як, завітаўшы у віцебскія кнігарні, можна набыць не толькі мастацкую літаратуру, вучэбныя дапаможнікі, даведнікі ці стракатыя паштоўкі, але і цыгарэты.
Тытунёвыя вырабы на любы густ - сацрэялістычная "Прыма", класічныя "Кэмел" ды "Мальбара", вытанчаны дамскі "Гламур". Цыгарэты, паводле кіраўніцтва прадпрыемства "Віцебсккніга", павінны дапамагчы кнігарням выконваць паказчыкі па тавараабароту. Намеснік начальніка упраўлення гандлю віцебскага гарвыканкама Ігар Магазіннікаў, да якога звярнуўся з пытаннем карэспандэнт абласной газеты "Віцебскі рабочы", нічога "крымінальнага" ў такім пашырэнні пашырэнні асартыменту не заўважыў. Узгадненне з санстанцыяй ёсць, ліцэнзія ёсці, ну дык чаму ж і не цыгарэты? Станіслаў Даманеўскі, кіраўнік прадпрыемства "Віцебсккніга", прыводзіць у прыклад "Белсаюздрук": маўляў, газэты ў шапіках прадаюцца побач не толькі з цыгарэтамі, але і бог ведае з чым, а ніхто ж не лямантуе! І крыўдуе на тое, што ўжо шмат дзесяцігоддзяў ніхто не паклапаціўся аб пашырэнні гандлёвых плошчаў кнігарняў.
Большасць прадавачак у кнігарнях разгублены ад таго, што ім даводзіцца гандляваць цыгарэтамі. У некаторых крамах побач з цыгарэтамі развешваюць антытытунёвую агітацыю ці змяшчаюць на "цыгарэтную" паліцу кнігу аб тым, як пазбавіцца залежнасці. Дарэчы, план цыгарэты кнігарням так і не выратавалі. За дзень прадаецца дзьве-тры пачкі.
Пазбеглі такога "пашырэння асартыменту" толькі прыватныя кнігарні. Тут, паводле дырэктара крамы "Светач" Яўгена Мулева, нават не разглядалі пытанні аб продажы цыгарэт. Толькі падзівіліся з калег.