Андрэй Саннікаў правёў першы дзень на свабодзе ў Віцебску. Фотарэпартаж
14 красавіка Андрэя Саннікава вызвалілі з папраўчай калоні №3 ў пасёлку Віцьба. Па вызваленні яго даставілі на чыгуначны вакзал у Віцебск.
Як распавёў спадар Саннікаў, яго выклікалі да кіраўніцтва калоніі і загадалі збіраць рэчы. Пазней апазіцыянера азнаёмілі з даведкай, дзе была спасылка на ўказ кіраўніка дзяржавы пра памілаванне. Пасля гэтага Саннікава з рэчамі адвезлі на чыгуначны вакзал, адкуль ён праз таксафон звязаўся з жонкай і сябрамі.
З вакзала Андрэя Саннікава забраў да сябе на кватэру актывіст кампаніі “Гавары праўду” Сяргей Парсюковіч. Тут з вызваленым палітвязнем і сустрэліся віцебскія журналісты.
Па словах Саннікава, ён пачувае сябе нармальна, на здароўе не скардзіцца, аднак нядаўна прастыў. У той жа час было бачна, што палітык досыць стомлены. У першых словах былы кандыдат у прэзідэнты падзякаваў усім беларусам за салідарнасць і падтрымку.
На пытанне карэспандэнта “Народных навінаў Віцебска” спадар Саннікаў распавёў, што бачыў у калоніі Сяргея Каваленку. Ён не пазнаў Сяргея, проста яго ўразіла страшэнная худоба чалавека, якога ахоўнікі вялі ў санітарную частку. Пазней, праз іншых зняволеных, Андрэй Саннікаў даведаўся, што сустрэў віцебскага актывіста, які павесіў у 2010 годзе бел-чырвона-белы сцяг на навагоднюю ёлку. Яшчэ раз Саннікаў бачыў Каваленку праз вакно, але пагаварыць ім ні разу не ўдалося.
У 23:00 Андрэй Саннікаў з’ехаў з Віцебска на машыне ў якой за ім прыехалі сябры з Мінску.