Не спяшайся, падыдзі – прыцаніся, паглядзі!
Каля Лядовага палаца сёння шумеў-гудзеў традыцыйны кірмаш навучальных устаноў вобласці. З усіх віцебскіх кірмашоў гэта, бадай, самы цікавы – бо праходзіць ён заўжды па-багатаму, з моладзевым крэатывам і агеньчыкам. Канкурэнцыю студэнцкаму кірмашу можа скласці хіба толькі славянабазарны “Горад майстроў”.
Пэўна, не было ніводнага чалавека, хто сыходзіў бы адсюль з пустымі рукамі. Адзін чалавек нёс у машыну мех бульбы, другі прыдбаў у гаспадарку парася (кабанчык каштаваў каля мільёна). Трэці прыцэньваўся да садовага інвентара. Самыя вялікія чэргі былі, зразумела, каля саджанцаў дрэў і расады кветак – у дачнікаў зараз самая гарачая пара.
Разнастайныя цацкі, сувеніры, кошыкі, рушнікі, саламяныя брылі, лапці, карціны, драўляныя конікі-качалкі, зэдлікі, пасцельная бялізна, вопратка – чаго тут толькі не было!.. Аднак найбольш на гэты раз здзівілі навучэнцы двух устаноў – Віцебскага дзяржаўнага політэхнічнага ліцэю і Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці.
Першыя падкрылі на кірмашы “рэстаран” – стол з прыгожай сервіроўкай, яркімі сурвэткамі і крышталёвымі фужэрамі быў бачны здалёк. Тут жа любы жадаючы мог пагартаць альбом з рэпрадукцыямі карцін Шагала.
А прадстаўнікі другой навучальнай установы гандлявалі абсалютна шыкоўнымі, з вялікім густам зробленымі вырабамі са скуры – абуткам, сумкамі, партманэ, ключніцамі, футлярамі для тэлефонаў і г.д. На продаж у тым ліку былі выстаўлены і некалькі калекцый, якія сталі пераможцамі на мінулай “Мельніцы моды” ў Мінску. Віцебскія франціхі маглі прыдбаць эксклюзіўныя чаравічкі і сумачкі літаральна за капейкі!
Кірмаш на тое і кірмаш, каб гандлявацца, прыцэньвацца, потым адысціся, зноў вярнуцца… І ўрэшце сысці з жаданым набыткам. А яшчэ што за кірмаш без жартаў, песень, танцаў і… семак!?!
Прынамсі сёння я ўпершыню ў сваім журналісцкім жыцці ўбачыла, каб немалога рангу абласны чыноўнік на вачах у публікі зусім па-прасцецку, ніколькі не саромеючыся, лузгаў семкі сланечніка і жартаваў з гандляркамі. І выглядаў ён пры гэтым абсалютна нармальна. Па-чалавечы! Я б сказала, у гэты момант ён быў больш абаяльны і сапраўдны, чым тады, калі стаіць на высокай трыбуне і чытае які-небудзь доўгі і смяротна сумны даклад…